БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская і Латушка ў Варшаве ўсклалі вянкі разам з Наўроцкім і Наўседам

24.01.2026 / 17:35

Nashaniva.com

24 студзеня на запрашэнне канцылярыі прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у цырымоніі ўшанавання памяці ўдзельнікаў паўстання Каліноўскага 1863—1864 гадоў. Мерапрыемства адбылося ў Варшаве на тэрыторыі Варшаўскай цытадэлі.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Цырымонія прайшла з удзелам ганаровай варты польскага войска. Падчас урачыстасцяў з прамовамі выступілі прэзідэнт Караль Наўроцкі і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. У сваіх выступах яны падкрэслілі, што барацьба за свабоду і незалежнасць была агульнай справай чатырох народаў — палякаў, літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Прэзідэнт Польшчы таксама прывітаў прысутных прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Пасля прамоў адбылася цырымонія ўскладання кветак і вянкоў. У складзе беларускай дэлегацыі вянок усклалі Святлана Ціханоўская, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, а таксама ветэран палка імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным «Пчала».

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

«Свабода не даецца назаўжды, яе даводзіцца абараняць, зноў і зноў. Паўстанне Каліноўскага нагадвае, што ў нас ёсць годнасць, ёсць голас і ёсць права жыць вольна. Мы ўшаноўваем памяць паўстанцаў, бо гэты досвед супраціву і салідарнасці важны для нас і сёння, калі Беларусь і Украіна зноў змагаюцца за свабоду ад «рускага свету», — падкрэсліла ў сваім выступленні Святлана Ціханоўская.

Чытайце таксама:

Ціханоўская возьме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды гадавіны паўстання 1863 года

Габрыэлюс Ландсбергіс: Ціханоўская ніколі не адступала, ніколі не баялася

25 студзеня прэзідэнты збяруцца ў Вільні ўшанаваць памяць Кастуся Каліноўскага

Прэм'ер Літвы пра пераезд Ціханоўскай у Польшчу: Не бачу ні выгады, ні страты

Каментары да артыкула