Амерыканскі экстрэмал зрабіў неверагоднае: без страхоўкі падняўся на хмарачос на 500 метраў ВІДЭА
Знакаміты амерыканскі скалалаз Алекс Хональд здзейсніў неймавернае ўзыходжанне, падняўшыся на самы высокі будынак Тайваня — хмарачос «Тайбэй 101». Экстрэмал пераадолеў вышыню 509 метраў без выкарыстання спецыяльнага рыштунку ці страховачных тросаў.
Увесь працэс трансліраваўся ў прамым эфіры сэрвісам Netflix, а ўнізе за падзеяй назіралі натоўпы людзей.
Узыходжанне заняло паўтары гадзіны. Самай складанай часткай маршруту стала сярэдняя секцыя будынка, якая складаецца з васьмі блокаў, што нагадваюць калены бамбука. Кожны такі сегмент уключае восем паверхаў адвеснага пад'ёму з навіслымі сценамі, якія заканчваюцца балконамі.
Першапачаткова акцыя была запланавана на 23 студзеня, аднак праз дождж у Тайбэі яе прыйшлося адкласці на суткі, пакуль паверхня будынка не стала бяспечнай для хвату.
Алекс Хональд мае статус сусветнай зоркі экстрэмальнага спорту. У 2017 годзе ён стаў першым чалавекам, які без страхоўкі скарыў 900‑метровую гару Эль-Капітан у ЗША. Фільм «Фры-сола», зняты пра тое ўзыходжанне, атрымаў прэмію «Оскар» як найлепшая дакументальная стужка.