ЗША звязалі гарантыі бяспекі для Украіны з перадачай Данбаса Расіі — FT
Адміністрацыя Дональда Трампа дала зразумець Кіеву, што падпісанне гарантый бяспекі магчымае толькі пасля таго, як Украіна заключыць мірную дамову з Расіяй.
Украінскія вайскоўцы ў Краматорску. Фота: Diego Herrera Carcedo/Anadolu via Getty Images
Financial Times са спасылкай на восем крыніц піша, што гэтае пагадненне, хутчэй, будзе ўключаць перадачу Данбаса пад кантроль Масквы.
Вашынгтон выкарыстоўвае пытанне гарантый як рычаг ціску. Паводле звестак выдання, ЗША гатовыя паабяцаць Украіне маштабныя пастаўкі ўзбраення для войска мірнага часу, але выстаўляюць умову, што Узброеныя сілы Украіны павінны адысці з тэрыторый, якія яны цяпер кантралююць на ўсходзе. Украінскія і еўрапейскія чыноўнікі ў размове з FT назвалі такую тактыку ЗША спробай «выкруціць рукі» Кіеву дзеля кампрамісу з Масквой.
Каманда Уладзіміра Зяленскага разлічвала на адваротны парадак дзеянняў — спачатку атрымаць гарантыі, каб узмацніць перамоўную пазіцыю, і толькі пасля гэтага абмяркоўваць тэрытарыяльныя пытанні.
У Белым доме інфармацыю пра прымус да здачы тэрыторый назвалі «непраўдзівай», заявіўшы, што роля ЗША — толькі зблізіць пазіцыі бакоў, а ўмовы міру залежаць ад Украіны і Расійскай Федэрацыі.