Дачка спікера Сергеенкі ўладкавалася на працу ў Міністэрства працы
Дачка старшыні Палаты прадстаўнікоў, а ў мінулым кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі і высокапастаўленага кадэбіста Ігара Сергеенкі пасля ўніверсітэта пачынае будаваць кар'еру.
Ганна Сергеенка. Фота: dompressy.by
Ганна Сергеенка летась скончыла юрыдычны факультэт БДУ. Дзяўчыну ўзнагародзілі як найлепшую выпускніцу ўніверсітэта 2025 года — яна была старшынёй студэнцкай рады факультэта, удзельнічала ў юрыдычных алімпіядах. Пасля выпуску Ганна працягнула вучобу ў магістратуры.
На ўзнагароджанні найлепшых выпускнікоў БДУ, побач — рэктар універсітэта Андрэй Кароль. 27 чэрвеня 2025 года. Фота: прэс-служба БДУ
З Андрэем Шыдлоўскім, на той час дэканам юрфака БДУ. 27 чэрвеня 2025 года. Фота: прэс-служба БДУ
Але і працу знайшла. 21‑гадовая Ганна ўладкавалася галоўным спецыялістам юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
На новым месцы яна ўзначаліла таксама пярвічку БРСМ.
Ганна (па цэнтры) з калектывам Мінпрацы і сенатарам і былым кіраўніком БРСМ Аляксандрам Лук'янавым. Фота: alexander_lukyanau / Instagram
У красавіку 2025‑га Ганна расказвала таксама, што вырашыла пайсці на курсы тэлевядучых пры Белтэлерадыёкампаніі, каб павысіць узровень упэўненасці ў сабе.
Яна тлумачыла, чаму выбрала спецыяльнасць юрыста: «У школьныя гады мне хацелася больш разумець тыя працэсы, якія адбываюцца ў дзяржаве, разбірацца ў палітыцы і ўмець пісьменна тлумачыць грамадзянам наступствы невыканання законаў нашай краіны».
На лінейцы першакурснікаў юрфака БДУ дзяўчына была вядучай. 1 верасня 2025 года. Фота: law.bsu.by
Раней «Наша Ніва» расказвала больш пра Ганну. Яна ўдзельнічала ў многіх ідэалагічных мерапрыемствах на факультэце, хадзіла на выступленні Рыгора Азаронка, любіла каштаваць дэсерты ў элітным рэстаране ў Драздах Astoria Riverside.