У Светлагорскім раёне мужчына запраўляў запальнічку з газавага балончыка. Скончылася гэта кепска
27 студзеня каля 11:30 у Светлагорскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне пра выбух газу ў шматкватэрным доме ў пасёлку Мядкоў. Усе жыхары дома былі тэрмінова эвакуяваныя, а ратавальнікі праніклі ў кватэру, дзе адбыўся інцыдэнт.
У памяшканні ратавальнікі знайшлі гаспадара 1961 года нараджэння з апёкамі. Медыкі хуткай дапамогі аказалі яму першую дапамогу на месцы і даставілі пацярпелага ў Светлагорскую цэнтральную раённую бальніцу. Плошча апёкаў склала каля 15%.
Адначасова супрацоўнікі РАНС разам з газавай службай правялі праверку газавага абсталявання ў кватэры — яно было спраўнае.
Пазней высветлілася, што прычынай выбуху стала парушэнне правіл карыстання газавым балончыкам. Мужчына спрабаваў заправіць запальнічку на кухні ў той час, калі на пліце гатавалася ежа. Уцечка газу з балончыка прывяла да выбуху. Пажару ў кватэры не ўзнікла, аднак выбухам выбіла ўваходныя дзверы і пашкодзіла ўнутраную перагародку.
Пасля завяршэння работы экстранных службаў на месца здарэння запрасілі спецыялістаў, каб ацаніць шкоду будынку. Было ўстаноўлена, што апорныя канструкцыі не пашкоджаныя і дом застаецца прыдатным для далейшай эксплуатацыі. Пасля гэтага жыхарам дазволілі вярнуцца ў свае кватэры.
Чытайце таксама:
Гаспадыня дома загінула ў Чэрвені ў выніку выбуху катла
Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі
Падлетак падпаліў петарду проста ў кватэры
У Гомелі электрык учыніў восем замыканняў у чужой кватэры і спаліў тэхніку