БЕЛ Ł РУС

Мэр Вільні патлумачыў, што зменіцца для беларускай гімназіі пасля ўвядзення абавязку дзецям іншаземцаў хадзіць у літоўскамоўныя школы

29.01.2026 / 16:50

Nashaniva.com

Мэр Вільні Валдас Бянкунскас на сваёй старонцы ў фэйсбуку патлумачыў, што зменіцца пасля таго, як 28 студзеня Віленская гарадская рады прыняла пастанову, паводле якой дзеці з краін, што не ўваходзяць у Еўрасаюз і прыбываюць у Літву ўпершыню, павінны ісці толькі ў літоўскамоўныя пачатковыя школы.

Беларуская гімназія імя Францыска Скарыны ў Вільні. Фота: «Наша Ніва»

«Дагэтуль сітуацыя была сапраўды неадэкватнай — большая частка такіх дзяцей накіроўвалася ў школы з рускай мовай навучання. Факты сведчаць, што такая сітуацыя праграмавала горшую будучыню для гэтых дзяцей у Літве: праводзячы пачатковае навучанне не ў літоўскамоўным асяроддзі, яны цяжэй інтэгруюцца ў жыццё Вільні.

Гэта азначае горшыя вынікі экзаменаў, абмежаваныя магчымасці для навучання, меншыя шанцы на рынку працы і большую сацыяльную ізаляцыю ад астатніх віленчукоў», — патлумачыў мэр Вільні неабходнасць прыняцця такой пастановы, адзначыўшы, што «сённяшнія рашэнні вызначаюць, якія сацыяльныя праблемы мы будзем мець (ці не будзем мець) праз 10 ці 20 гадоў».

У той жа час Бянкунскас згадаў і пра адзінае выключэнне з агульнага правіла:

«У Вільні здаўна існуе і адна дзяржаўная беларуская школа — імя Францыска Скарыны. На пасяджэнні рады было ўхвалена рашэнне аб змене статута гэтай школы: у ёй стане больш урокаў літоўскай мовы і з’явяцца класы для выраўноўвання ўзроўню літоўскай мовы, таму ў яе можна будзе паступаць як у de facto літоўскую школу».

Паводле новых правіл, за якія прагаласавалі дэпутаты Віленскай гарадской рады, дзеці іншаземцаў з дазволам на пастаяннае або часовае пражыванне, якія раней не вучыліся ў Літве і прэтэндуюць на атрыманне пачатковай адукацыі, змогуць падаць заяву праз электронную сістэму і выбраць да трох муніцыпальных школ з літоўскай мовай навучання. Прынамсі адна з выбраных школ павінна быць замацавана за дзіцём па месцы жыхарства, а ўсе школы ў спісе маюць быць пазначаны ў парадку прыярытэтнасці.

Змены будуць тычыцца толькі тых іншаземцаў, якія прыбудуць у Вільню пасля ўступлення рашэння ў сілу, і не будуць распаўсюджвацца на прыватныя школы.

Чытайце таксама:

У Вільні малыя дзеці замежнікаў будуць хадзіць толькі ў літоўскамоўныя школы. Але для беларускамоўнай гімназіі зробяць выключэнне

Беларусы Вільні збіраюць подпісы ў абарону магчымасці навучаць дзяцей па-беларуску

Школьная рэформа ў Вільні можа прывесці да закрыцця беларускай гімназіі імя Скарыны

«Няма попыту на дашкольную групу». Што будзе з садком пры беларускамоўнай гімназіі ў Вільні

Каментары да артыкула