У Вільні малыя дзеці замежнікаў будуць хадзіць толькі ў літоўскамоўныя школы. Але для беларускамоўнай гімназіі зробяць выключэнне
Гарадская рады Вільні 28 студзеня прыняла пастанову, паводле якой дзеці з краін, што не ўваходзяць у Еўрасаюз і прыбываюць у Літву ўпершыню, павінны ісці толькі ў літоўскамоўныя пачатковыя школы, паведамляе LRT.

Рашэнне падтрымаў 31 дэпутат, 8 прагаласавалі супраць, а 11 устрымаліся.
Паводле новых правіл, дзеці іншаземцаў з дазволам на пастаяннае або часовае пражыванне, якія раней не вучыліся ў Літве і прэтэндуюць на атрыманне пачатковай адукацыі, змогуць падаць заяву праз электронную сістэму і выбраць да трох муніцыпальных школ з літоўскай мовай навучання. Прынамсі адна з выбраных школ павінна быць замацавана за дзіцём па месцы жыхарства, а ўсе школы ў спісе маюць быць пазначаны ў парадку прыярытэтнасці.
Змены будуць тычыцца толькі тых іншаземцаў, якія прыбудуць у Вільню пасля ўступлення рашэння ў сілу, і не будуць распаўсюджвацца на прыватныя школы.
Віцэ-мэр Вільні Вітаўтас Міталас, які ініцыяваў змены, адзначыў, што рашэнне актуальнае і тычыцца выключна пачатковай адукацыі.
Чыноўнік адзначыў, што высокая канцэнтрацыя замежных вучняў у рускамоўных школах замінае авалодванню літоўскай мовай, таму інтэграцыю трэба пачынаць у пачатковай школе, калі засваенне мовы найбольш эфектыўнае.
Рашэнне выклікала занепакоенасць, асабліва з боку членаў Беларускай асацыяцыі бацькоў у Літве. Яны звярнулі ўвагу на тое, што важна захаваць выбар для беларускіх дзяцей, у тым ліку магчымасць вучобы па-беларуску ў гімназіі Францішка Скарыны ў Вільні — адзінай дзяржаўнай школе за межамі Беларусі, дзе выкладаюць на беларускай мове.
26 студзеня дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў адмысловую сустрэчу з прадстаўнікамі Віленскай рады і мэрыі. Асноўным фокусам размовы было захаванне Беларускай гімназіі імя Скарыны, каб падтрымліваць беларускую мову, культуру і ідэнтычнасць. Прадстаўнікам самакіравання быў перададзены ліст ад бацькоў беларускіх дзяцей, падпісаны больш за 200 асобамі, у тым ліку інтэлігенцыяй, грамадскімі дзеячамі і палітыкамі.
Літоўскі бок падкрэсліў, што разумее важнасць беларускай культуры і мовы, асабліва ў кантэксце супрацьстаяння «рускаму свету», і лічыць інтэграцыю беларусаў у літоўскае грамадства праз адукацыю вельмі важнай.
У выніку сустрэчы бакі дамовіліся шукаць рашэнні, якія дазволяць захаваць дзейнасць Беларускай гімназіі, забяспечыць магчымасць паступлення ў яе новых вучняў, а таксама падтрымліваць беларускую мову і культуру ў Літве.
Цяпер Віленская гарадская рада прыняла працэдурную пастанову, якая дазваляе Беларускай гімназіі імя Скарыны прыняць новых вучняў у 2026—2027 навучальным годзе, калі будуць вольныя месцы.
Па даных Дзяржаўнага аўдытарскага офіса, доля замежных дзяцей, якія вучацца па-літоўску, зніжаецца. У 2024—2025 навучальным годзе толькі 44% вучняў вучыліся па-літоўску, а амаль палова — па-руску (29%) і па-ўкраінску (21%). У выніку 52% замежных вучняў не здолелі дасягнуць мінімальнага ўзроўню па літоўскай мове ў 2025 годзе, а 58% — па літоўскай мове і літаратуры на базавым узроўні.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Са ўсяго света вам пасобяць .
Літоўцы не разумеюць, што яны разбураюць адносіны з народам, з якім яны жылі пораз 800 гадоў ці болей?