БЕЛ Ł РУС

Вядомы бізнэсмен прасіў Польшчу зняць з яго забарону на ўезд у Шэнгенскую зону

29.01.2026 / 18:14

Nashaniva.com

Беларускі бізнэсмен Валянцін Байко, уладальнік кампаніі «Контэ Спа», прасіў Польшчу зняць з яго забарону на ўезд. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, аднак, не знайшло падстаў для адмены абмежаванняў. На дзяржаўным партале прыводзіцца абгрунтаванне гэтага рашэння, піша Most.

Валянцін Байко. Фота: «Гродзенская праўда»

Нацыянальныя санкцыі супраць Байко 29 мая 2023 года ўвёў кіраўнік МУС Польшчы па заяве кіраўніка Агенцтва ўнутранай бяспекі. Падставай паслужыла сяброўства Байко ў Савеце Рэспублікі. На гэтай пасадзе бізнэсмен удзельнічаў у прыняцці законаў, якія абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян Беларусі, у тым ліку польскай меншасці.

У міністэрстве палічылі, што ўезд і знаходжанне Валянціна Байко ў Польшчы пагражаюць бяспецы дзяржавы і яе міжнароднай пазіцыі. Актывы бізнэсмена ў Польшчы былі замарожаныя, а яго самога ўнеслі ў спіс асоб, непажаданых на тэрыторыі краіны. Польшча ўнесла даныя Байко ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму (SIS II), што робіць для яго немагчымым наведванне любой з краін Шэнгенскага пагаднення.

17 снежня 2025 года ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы паступіла заява ад юрыдычнай фірмы ў Бухарэсце (Румынія), якая ад імя Валянціна Байко прасіла выключыць яго даныя з Шэнгенскай інфармацыйнай сістэмы. Бізнэсмен сцвярджаў, што ўнясенне яго ў спіс непажаданых асоб незаконнае, бо нібыта адсутнічае абгрунтаванне пагрозы, якую ён уяўляе. Байко заявіў, што санкцыі — гэта дыскрымінацыя за яго парламенцкую дзейнасць і палітычную прыналежнасць і што абмежаванні негатыўна адбіваюцца на яго асабістым і прафесійным жыцці.

Кіраўнік міністэрства зноў звярнуўся за ацэнкай у Агенцтва ўнутранай бяспекі. У ведамстве палічылі, што няма падстаў паслабляць альбо адмяняць абмежаванні супраць Байко, бо ён па-ранейшаму мае моцныя сувязі з рэжымам Лукашэнкі як у палітычнай, так і ў бізнэс-сферы.

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі пагадзіўся з ацэнкай спецслужбы і пакінуў у сіле забарону ўезду для Валянціна Байко.

Чытайце таксама:

Тапузідзіс і Пятровіч сталі ўладальнікамі аднаго з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Гомеля

«Пазыкі ўзялі, вярнуць не могуць». Лукашэнка растлумачыў, што не так рабіў на «Амкадоры» Аляксандр Шакуцін

«Ён казаў, што золата з сабой не забярэш, лепей зрабіць нешта для іншых». Дачка бізнэсмена Каліна расказала, як разам з братам чакае яго з калоніі

Сын кашалька Лукашэнкі заняўся ў Беларусі аўтабізнэсам

Каментары да артыкула