Трамп папрасіў Пуціна на тыдзень спыніць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што папрасіў Уладзіміра Пуціна на працягу тыдня спыніць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, і той пагадзіўся. Аб гэтым ён сказаў падчас сустрэчы ў Белым доме.
Дональд Трамп. Фота: Getty Images. Chip Somodevilla/Getty Images
Трамп растлумачыў сваю просьбу экстрэмальнымі маразамі: у наступным тыдні ў Кіеве прагназуюць да -25°C.
«Я асабіста папрасіў прэзідэнта Пуціна не абстрэльваць Кіеў і іншыя гарады цягам тыдня праз моцную хвалю холаду ва Украіне. Ён пагадзіўся. І, павінен вам сказаць, гэта было вельмі прыемна», — сказаў Трамп журналістам.
Ці паабяцаў ён Расіі нешта ўзамен, Трамп не сказаў.
Раней расійскія ваенкары паведамлялі, што вышэйшае камандаванне РФ нібыта аддало загад аб забароне ўдараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны і любых аб’ектах у Кіеве і вобласці. Мараторый нібыта дзейнічае да 3 лютага і звязаны з чарговым раўндам перамоў у Абу-Дабі 1 лютага.
У гэты час у Кіеве і іншых гарадах Украіны працягваюцца масавыя адключэнні электраэнергіі праз расійскія абстрэлы. Энергасістэма краіны знаходзіцца ў самым цяжкім стане за апошнія гады. Найцяжэйшая сітуацыя ў Кіеве, Кіеўскай і Днепрапятроўскай абласцях: у Кіеве без ацяплення застаюцца 700 дамоў, у Крывым Рогу — 234. Для аднаўлення цеплазабеспячэння ў Кіеве задзейнічана больш за 1000 камунальных работнікаў.
Чытайце таксама:
Украіна і Расія дамовіліся аб мараторыі на ўдары па аб’ектах энергетыкі — расійскія ваенкары
WSJ апісала тры сцэнары развіцця падзей ва Украіне ў 2026 годзе
80% Харкава і вобласці засталіся без электрычнасці пасля расійскай атакі