БЕЛ Ł РУС

Клецк застаўся без вады. Не вытрымалі 50‑гадовыя трубы 

29.01.2026 / 21:47

Nashaniva.com

Жыхары Клецка сутыкнуліся з сур’ёзнымі праблемамі з водазабеспячэннем праз шэраг аварый на вадаправодных сетках. Уначы горад увогуле застаўся без вады, піша «Мінская праўда».

Фота: kleck.by

Як патлумачыў намеснік старшыні Клецкага райвыканкама Ігар Давыдок, першыя праблемы ўзніклі яшчэ ў нядзелю. Тады адбыўся прарыў трубаправода ў аграгарадку Янавічы, які ўваходзіць у адзіную з Клецкам сістэму водазабеспячэння. Гэта адразу павялічыла нагрузку на гарадскія сеткі. У панядзелак сітуацыя ўскладнілася яшчэ больш — аварыйны разрыў здарыўся на вуліцы Савецкай у Клецку.

Дзве аварыі прывялі да рэзкага падзення ўзроўню вады ў назапашвальных рэзервуарах Клецкага ўчастка «Салігорскводаканала». Вада са свідравін ва ўрочышчы Старына не паспявала папаўняць запасы, і рэзервуары фактычна апусцелі. Днём, калі большасць людзей была на працы і спажыванне вады зменшылася, узровень удалося часткова аднавіць.

Аднак увечары сітуацыя зноў стала крытычнай: спажыванне вады рэзка вырасла, а помпавае абсталяванне не змагло забяспечыць патрэбны аб’ём з-за ўтварэння паветраных коркаў у сістэме. Паводле слоў Ігара Давыдка, гораду не хапіла каля тысячы кубаметраў вады, каб задаволіць патрэбы насельніцтва.

Да раніцы водазабеспячэнне ўдалося аднавіць. Але ўжо ўвечары таго ж дня адбыўся чарговы прарыў — цяпер на вуліцы Перамогі, і Клецк зноў застаўся без вады.

Аварыйныя службы аператыўна працуюць на месцы і абяцаюць як мага хутчэй ліквідаваць праблему.

Адной з галоўных прычын аварый сталі неспрыяльныя ўмовы надвор’я: рэзкія перапады тэмператур значна павялічваюць нагрузку на трубы і паскараюць іх разбурэнне. Акрамя таго, сваю ролю адыграў і натуральны знос металу — трубы на гэтым участку былі пракладзеныя яшчэ ў 1974 годзе, і за дзесяцігоддзі ўздзеянне глебы прывяло да іх істотнага аслаблення.

Раней падобная сітуацыя адбылася ў Мінску, але там 19 студзеня была пашкоджаная цеплавая магістраль, у выніку чаго знікла гарачая вада. Ліквідацыя гэтай аварыі зацягнулася на некалькі дзён, цалкам аднавілі цеплазабеспячэнне і падачу гарачай вады толькі да 22 студзеня.

Таксама ў гэтыя дні аварыі на цеплатрасах і цепласетках адзначаліся ў Гомелі, Барысаве, Смалявічах, Віцебску.

Чытайце таксама:

У Віцебску аварыя на вадаправодзе, некалькі дамоў засталіся без вады

У Гомелі аварыя на вадаправодзе, без вады дзясяткі дамоў

Каментары да артыкула