Астраномы знайшлі новую планету, патэнцыйна прыдатную для жыцця
Астраномы знайшлі новую планету, якая можа быць патэнцыйна прыдатнай для жыцця. Аб’ект HD 137010 b знаходзіцца на адлегласці 146 светлавых гадоў ад Зямлі, і ён толькі на 6% большы за нашу планету, піша The Guardian са спасылкай на Astrophysical Journal Letters.
Мастацкая выява планеты памерам з Зямлю HD 137010 b. Фота: NASA/JPL-Caltech/K. Miller (Caltech/IPAC)
Планету ідэнтыфікавала міжнародная каманда навукоўцаў з Аўстраліі, Вялікабрытаніі, ЗША і Даніі дзякуючы даным касмічнага тэлескопа NASA Kepler, сабранага ў 2017 годзе. Зорка, вакол якой круціцца HD 137010 b, халаднейшая і цямнейшая за Сонца, таму тэмпература на паверхні планеты можа быць марсіянскай — да -70°C.
Арбіта планеты складае каля 355 дзён, і даследчыкі лічаць, што існуе прыкладна 50% верагоднасці таго, што HD 137010 b знаходзіцца ў зоне, прыдатнай для жыцця. Яе яркасць і блізкасць робяць планету дасяжнай для назіранняў сучаснымі і будучымі тэлескопамі.
Але нават нягледзячы на блізкасць у касмічным маштабе, чалавецтву для дасягнення гэтай планеты спатрэбіліся б дзясяткі ці нават сотні тысяч гадоў.
Астрафізікі таксама папярэджваюць, што для афіцыйнай класіфікацыі гэтага нябеснага цела як планеты патрэбныя дадатковыя даныя, бо пакуль зафіксаваны толькі адзін транзіт.
Чытайце таксама:
Калі ў Мінску адкрыюць абноўлены планетарый?
Амерыканскі стартап прапануе зарэзерваваць за мільён месца ў гатэлі на Месяцы
Беларусь вывела на арбіту два новыя спадарожнікі: што пра іх вядома