БЕЛ Ł РУС

«Белорусскій сіловік» мачуліць улады Расіі за спыненне ўдараў па ўкраінскай энергетыцы

30.01.2026 / 17:35

Мікола Бугай

Рашэнне Масквы пагадзіцца на ўзаемны мараторый на ўдары па энергетычных аб’ектах выклікала гырканне на канале, звязаным з беларускімі сілавымі структурамі.

Супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко. Фота: sb.by

Фашысцкае крыло лукашэнкаўцаў хацела б вайны да пераможнага канца і выступае супраць кампраміснага сканчэння канфлікту. Такая выснова напрошваецца з аналізу таго, як падае інфармацыю канал «Белорусскій сіловік». Ён быў адным з першым, хто забіў трывогу аб спыненні ўдараў па энергааб’ектах Украіны.

«Трывожныя навіны паступаюць», — так пачыналася першае паведамленне канала пра мараторый на ўдары.

Канал мяркуе, што мараторый выгадны Украіне.

«Ноччу Трамп таксама заявіў, што Расія прыпыніла ўдары па ўкраінскіх гарадах і заявіў, што «мы вельмі гэта цэнім». А Украіна як цэніць, словамі не перадаць».

«Белорусскій сіловік» крытыкуе Крэмль за такое рашэнне: «Прайшлі суткі. Нуль каментарыяў расійскага боку аб дамоўленасцях з Трампам даць Украіне перадышку ў сферы энергетыкі, якая ўжо амаль здохла».

Удары па электрастанцыях, цеплаэлектрацэнтралях і падстанцыях у глыбокім тыле ўкраінскай тэрыторыі ніяк не ўплываюць на баяздольнасць украінскай арміі. Тым не менш, «Белорусскій сіловік» выступае за тактыку татальнай вайны і не бачыць сэнсу шкадаваць мірнае насельніцтва. Ён перадрукоўвае пост канала «Рыбар», створанага супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў:

«Калі ж гаворка пра тое, каб пашкадаваць украінскае насельніцтва ў халоднае надвор'е, то гэта бессэнсоўна і не дасць нічога. А ахвотным паразважаць на тэму таго, што «ў цэнтры і на ўсходзе т. зв. Украіны жывуць, у асноўным, нашы людзі, але яны проста запалоханыя, як можна іх пакідаць без цяпла і электрычнасці?» прапануем зайсці ва ўкраінскія гарадскія каналы і пачытаць там каментарыі тых самых нашых людзей».

«БС» робіць перапост і з іншага расійскага праваеннага канала «Два маёры», які асуджае мараторый, але прызнае, што не халопская гэта справа разбірацца ў «эканамічных ды іншых» прычынах, чаму Расія вымушаная пагадзіцца на кампраміс.

«З аднаго боку — гэта, вядома, хрэнова. Толькі пачалі адчувацца рэальныя наступствы (і то відавочна перабольшаныя Кіевам), як мы фактычна даём час на рамонт і стабілізацыю.

З другога боку, кіраўніцтвам [Расіі] ўзяты курс на ўрэгуляванне/замарозку канфлікту і неяк гэтую гатоўнасць трэба даказваць на справе. Чаму такі курс узяты — пытанне іншае і не да нас. Відавочна ёсць эканамічныя і іншыя прычыны».

«Белорусскій сіловік» працягвае і збіраць дапамогу для «другой арміі свету»: «На фронт патрэбныя генератары. Калі хтосьці можа сабе дазволіць набыць і перадаць праз нас пацанам на перадок ці ж ёсць безгаспадарны, то будзем вельмі рады. Таксама гатовыя выкупіць за свае па адэкватнай цане».

Тэлеграм-канал «Белорусскій сіловік» узнік у сакавіку 2022 года, калі расіяне штурмавалі Кіеў. Дзякуючы калабарацыям з такімі ж расійскімі Z-каналамі і распальванню ваеннай істэрыі ён узляцеў да 437 тысяч падпісчыкаў — беларусаў сярод іх мала, ён працуе на ўнутрырасійскую аўдыторыю. «Наша Ніва» пайшла па слядах, пакінутых яго стваральнікам у інтэрнэце, і высветліла раней, што за каналам стаіць Артур Гайко, афіцэр ГУБАЗіКа Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Цяжка сказаць, наколькі вялікая частка беларускіх сілавікоў цалкам ідэнтыфікуюць сябе з Расіяй і кіруюцца такімі чалавеканенавісцкімі ідэямі, як аўтары «Белорусского сіловіка». Аднак відавочна, што гэтая частка мае картбланш для дзеяння і прапаганды сваёй рускамірнай, фактычна русафашысцкай ідэалогіі.

Чытайце таксама:

Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі: гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Пацукі вучаць нас жыць, а Гайко — дыялогу

«Душэўна!». «Белорусскій сіловік» аж прэцца ад кожнага прылёту па ўкраінскіх гарадах

Каментары да артыкула