У Беларусі пабілі сутачныя тэмпературныя рэкорды
На якіх метэастанцыях Беларусі пабілі сутачныя тэмпературныя рэкорды, расказалі ў Белгідрамеце.
Фота з сацсетак
«У Беларусі практычна штогод тэмпература паветра можа апускацца да мінус 20 градусаў і ніжэй, часам, прыкладна раз на пяць гадоў, можна чакаць паніжэння да мінус 25 градусаў і ніжэй. І збольшага гэтыя паніжэнні прыпадаюць на студзень — люты. Пачатак лютага ў гэтым годзе выдаўся халодным. Тэмпература ў начныя гадзіны апускалася да 20 градусаў марозу і ніжэй, месцамі да мінус 25 і ніжэй», — патлумачылі сіноптыкі.
Так, 2 лютага ў Беларусі былі пабітыя сутачныя рэкорды мінімальнай тэмпературы паветра на некалькіх метэастанцыях.
Новыя значэнні зафіксаваныя ў Высокім (-24,2 °C), Стоўбцах (-26,9 °C), Ганцавічах (-28,9 °C), Ашмянах (-27,8 °C) і на Палескай (-31,1 °C).
Папярэднія рэкорды для гэтай даты былі ўстаноўленыя ў 2012 годзе. Самыя нізкія тэмпературы 2 лютага адзначаны на Палескай (-31,1 °C) і ў Жыткавічах (-30,2 °C).
Абсалютны мінімум для 2 лютага па краіне застаецца за Гроднам (1970 год) — -33,4 °C.
Чытайце таксама:
Каму верыць: прагнозам ці свайму тэрмометру? Спыталі ў адмыслоўца
У Ляхавіцкім раёне з-за моцнага марозу адбыўся абрыў лініі электраперадачы