Беларус нырнуў без рыштунку на глыбіню 30 метраў у Мексіцы. І ўсё дзеля шыкоўных фота
Гатовыя занурыцца на 30 метраў, каб зрабіць падводны кадр у прамянях сонца? У беларуса Улада ёсць рэальны досвед. У канцы мінулага года ён адправіўся ў Мексіку — кажа, што менавіта сюды імкнуцца трапіць фанаты фрыдайвінгу. Гэта тыя самыя смельчакі, якія апускаюцца на дзясяткі метраў без кіслародных балонаў ці любога іншага абсталявання, разлічваючы ў асноўным на магчымасці свайго цела. Аказваецца, на такіх глыбінях людзі падымаюць гантэлі і нават карыстаюцца таксі. Бонусам, дарэчы, ідуць кадры, якія хейтары назавуць вынікамі працы ШІ, піша «Анлайнер».
«Кожны чалавек можа затрымаць дыханне на 5 хвілін. Астатняе — псіхасаматыка»
Уладзіславу 31 год. У свой час хлопец скончыў Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт, але па спецыяльнасці — доктар-тэрапеўт — не працаваў. Затое адразу пасля выпуску адправіўся скараць модныя подыумы ў Кітаі, Карэі, Малайзіі і на Філіпінах.
Але гэтая гісторыя хутка скончылася, расказвае суразмоўца. Прычынамі таму сталі канкурэнцыя, адсутнасць перспектыў і нестабільны заробак. Далей — навучанне на праграміста, а цяпер у беларуса свая медыякампанія ў Грузіі. Бізнэс адкрыў Уладу магчымасць падарожжаў — у спісе наведаных ужо значацца плюс-мінус 40 краін.
«У мяне няма мэты наведаць усе краіны — у некаторых асабліва няма чаго рабіць, а ехаць туды для птушачкі неяк дзіўна. Таму я еду туды, дзе ёсць штосьці цікавае, унікальнае. Напрыклад, бачыш у Instagram рылс з прыгожага месца, якое выглядае як казка, — вось, гэта для мяне».
Топ-5 самых прыгожых месцаў, на думку Улада:
-
Намібія. Шмат каму здаецца, што там толькі пустыня. Насамрэч гэтая краіна выглядае як іншая планета з незвычайнымі краявідамі.
-
Мадэйра. Вечная вясна: мяккі клімат круглы год, горныя віды, левады і фантастычны лес у аблоках — як быццам трапіў у казку.
-
Японія. Кантраст традыцый і будучыні: ціхія храмы і сады, неонавыя гарады, сакура — эстэтыка на кожным кроку.
-
Кейптаўн. Унікальныя панарамы, пінгвіны, добры клімат. Ідэальнае месца для заняткаў спортам: сёрфінг, велапрагулкі, хайкінг і гэтак далей.
-
Мексіка. Яркая і жывая: фантастычныя бірузовыя сеноты, джунглі і руіны мая.
Праз адно прыгожае відэа ў Instagram ва Улада і з’явілася захапленне, якое стала нагодай для гэтага інтэрв’ю, — фрыдайвінг. Па сутнасці, гэта падводнае плаванне з затрымкай дыхання — само сабой, ніякае абсталяванне пры гэтым не выкарыстоўваецца.
«Я ўбачыў рылс з суперпрыгожымі кадрамі пад вадой на Балі: людзі, каралы, рыбы і затанулы карабель. Вырашыў, што таксама хачу нырнуць, і напісаў школе фрыдайвінгу, на старонцы якой быў апублікаваны ролік. Прычым фрыдайвінгам займацца я не хацеў, толькі зрабіць такія ж кадры», — усміхаецца хлопец.
Але аказалася, што толькі аднаго жадання пафатаграфавацца на глыбіні недастаткова. Трэба было прайсці курс і стаць фрыдайверам першага ўзроўню. Навучанне коштам прыкладна $300 праходзіла ў экспрэс-фармаце — усяго 2—3 дні.
«Пасля заканчэння курса я атрымаў міжнародны сертыфікат PADI фрыдайвера першага ўзроўню. Ён жа даваў права апускацца на 20 метраў. Калі ёсць жаданне нырцаваць на большую глыбіню, то па-добраму трэба працягнуць навучанне. Праз год я атрымаў ужо другі ўзровень і здолеў нырнуць на 27 метраў — гэта быў асабісты рэкорд».
Што самае складанае ў фрыдайвінгу? На думку Улада, калі гаворка ідзе пра ныранне на глыбіню да 20 метраў, то цяжэй за ўсё справіцца з псіхалагічным фактарам. Хлопец тлумачыць так: у гэты момант трэба здолець сабрацца і не панікаваць, а ў цэлым працэс нечым падобны да медытацыі.
«На курсах нам казалі, што без пагружэння ў ваду кожны чалавек можа затрымліваць дыханне на 5 хвілін — гэта пры ўмове адключэння псіхасаматыкі. Галоўнае, што мне далі заняткі (я і да гэтага добра нырцаваў), — гэта выпраўленне памылак».
Веданне тэхнікі «прадування вушэй» (або прасцей — пазбаўлення ад закладзенасці), правілаў дыхання да і пасля занурэння дазволілі Уладу нырцаваць глыбей. А заадно — пераадолець той самы «ўнутраны» страх перад вялікай глыбінёй.
Крыху пазней у кампаніі іншых фрыдайвераў Улад адправіўся на Раджа-Ампат — архіпелаг у Інданезіі.
«Некранутая прырода, ты адзін на дзікім востраве — нібыта трапіў у выпуск Discovery!»
Гантэлі на глыбіні 12 метраў? І гэта не жарт
У канцы мінулага года Улад адправіўся ў Мексіку — мэтай падарожжа ў тым ліку былі пагружэнні ў сенотах. Па сутнасці, гэта прыродныя правалы ў зямлі (ёсць легенда, што яны з’явіліся пасля падзення метэарытаў), якія ўтвараюцца з-за абвальвання скляпення вапняковай пячоры, дзе цякуць падземныя воды. Менавіта гэта і робіць мексіканскі горад Тулум прывабным для фрыдайвераў з усяго свету.
Дарэчы, там жа, расказвае Улад, можна сустрэць дзейнага чэмпіёна свету ў фрыдайвінгу Аляксея Малчанава. Часта ён апускаецца ў Тулуме разам з папулярным (больш за 5 мільёнаў падпісчыкаў) фрыдайверам Таві Кастра.
«Высветлілася, што мы з імі ў адзін час ныралі ў адных і тых же сенотах!» — з захапленнем кажа Улад.
На мове мая ts'onot (чытаецца прыкладна як «цонат») азначае «калодзеж» — сеноты выкарыстоўваліся ў тым ліку як крыніца прэснай вады. Яшчэ мая лічылі сеноты «брамай у царства мёртвых», а іх воды — свяшчэннымі.
«Самыя прыгожыя кадры з пагружэння былі зробленыя менавіта ў Мексіцы. Спачатку ў лагуне Каан-Луум, якая выглядае як возера — нават нагадала беларускую мясцовасць. Унутры знаходзіцца вялізная дзірка, куды ўсе ныраюць, — на відэа выглядае эпічна, нібы бездань!
Першы пласт мутны, з-за гэтага не бачна, што адбываецца ўнізе. Але пасля пагружэння на 5—10 метраў вада становіцца ідэальна празрыстай і атрымліваецца ўбачыць усю прыгажосць. Потым, калі ўдаецца дасягнуць глыбіні 25—27 метраў, пачынаецца другое падводнае воблака — у яго таксама можна пагрузіцца. Гэта неверагодна прыгожа!»
Але галоўная разынка гэтага месца, расказвае Улад, — скала, якая знаходзіцца на глыбіні 12—13 метраў. Для эфектнага кадра там нават можна стаць на ногі — праўда, усё ўпіраецца ў навыкі ныральшчыка.
«Гэта не вельмі складана, але ўсё залежыць ад глыбіні і пункта плавучасці — калі ты альбо ўсплываеш, альбо тонеш, альбо адчуваеш сябе нейтральна, нібы ў бязважкасці. Мне на 12 метрах глыбіні стаць было лёгка. Там жа, дарэчы, я нават зняў відэа з гантэлямі. Іх дзеля прыколу пакінуў знакаміты фрыдайвер Кастра, які выкарыстоўвае вобраз Аквамена.
Гантэлі ляжаць там увесь час, так што кожны можа нырнуць і зрабіць з імі фота. Але трэба быць асцярожным — яны даволі цяжкія. Калі я ўпершыню ўзяў іх у рукі, быў проста ў шоку, наколькі там слізка — у нейкі момант пачаў «ехаць» з гэтай скалы ўніз. Але самы вялікі страх — упусціць гантэлі ў бездань. Усё ж яны не мае, так што не хацелася іх страціць», — смяецца Улад.
Дарэчы, а як здымаюцца ўсе гэтыя фота і відэа пад вадой? Кантэнт, тлумачыць суразмоўца, робяць альбо іншыя фрыдайверы (яны ж могуць быць нанятыя ў якасці інструктараў), альбо спецыяльныя аператары. Для максімальнай якасці здымаюць усё на добрую тэхніку — на той жа экшэн-камеры, запэўнівае Улад, такога эфекту не дасягнуць.
«Другая сенота, куды я адправіўся, — Маравіла, знаходзіцца каля горада Плая-дэль-Кармен. Яе ўнікальнасць у цудоўных відах на глыбіні пры святле сонца. Яшчэ адна асаблівасць — глыбіня каля 70 метраў, а ў асобныя бакі пад зямлёй яна распаўсюджваецца да соцень метраў, хоць зверху дыяметр усяго 6—7 метраў.
Мне ўдалося там паздымаць шмат прыгожых кадраў, але гэта каштавала сур’ёзных намаганняў. Па-першае, павінна пашанцаваць з надвор’ем, па-другое, гэтую сеноту трэба браніраваць, бо яна лічыцца адной з самых прыгожых у свеце, таму вельмі папулярная».
Паводле слоў Улада, усе сеноты ў Мексіцы прыватныя і належаць канкрэтным людзям. Іх можна выкупіць як дачны ўчастак альбо арандаваць на час у цяперашніх уладальнікаў. Цэны вагаюцца — сярэдні прайс каля $20—50. Часам іх арандуюць на цэлы дзень, а папулярную Маравілу рэальна зарэзерваваць усяго на пару гадзін.
«Гэтага часу дастаткова, каб пагрузіцца і паспець змерзнуць, — усміхаецца Улад. — У сярэднім тэмпература вады +26…+28 градусаў, што гучыць даволі камфортна. Але дзеля кадраў я ныраў без гідракасцюма, таму замярзаў імгненна».
Для пагружэння ў Маравілу Улад наняў інструктарку, якая сачыла за тым, што адбываецца. А разам з хлопцам апускаўся аператар — таксама фрыдайвер, які зрабіў шмат уражлівых кадраў.
«Мы ныралі на глыбіню 12 метраў — гэта пункт маёй плывучасці, пры якой я не тануў і не ўсплываў. У выніку атрымлівалася нібы лунаць у бязважкасці — гэта дзіўныя і ні на што не падобныя адчуванні. Ты літаральна нічога не адчуваеш, вакол — адна цемра, адзіны арыенцір — праменні аднекуль зверху».
«Першая спроба пагрузіцца на 30 метраў правалілася»
Інструктар, дарэчы, гэта падстрахоўка на выпадак надзвычайнага здарэння. Так, калі сіл у нырцавальніка ўжо не хапае, то інструктар выцягне на бераг.
«Трэцяя сенота ў Мексіцы, дзе я ныраў, — Анхеліта, яна выглядае як белае падводнае возера. Першапачаткова пагружацца туды я не планаваў, бо самая прыгажосць знаходзіцца на глыбіні 30 метраў, маім жа рэкордам былі 27 метраў. Вырашыў паехаць на трэніроўку з інструктарам і паспрабаваць дасягнуць 30 метраў. Важна было зразумець, наколькі на такой глыбіні мне будзе камфортна. Бо трэба было не толькі пагрузіцца, але і правесці на глыбіні нейкі час, зрабіць кадры і ўсплыць».
На трэніроўцы нырнуць на 30 метраў атрымалася, але з папраўкай: Улад быў у гідракасцюме, а значыць, не змёрз. У выніку хлопец усё ж вырашыў рызыкнуць і адправіўся ў Анхеліту.
«Гэта суперпрыгожае месца — адно з нямногіх, не кранутых чалавекам. Гэтым разам са мной была аператарка з клуба скуба-дайвераў — яна апускалася з кіслароднымі балонамі, даплывала да 30‑метровай глыбіні і чакала мяне там. Каб усё выглядала прыгожа на фота і відэа, я, як звычайна, ныраў у штанах і кашулі, і тут пачаліся праблемы. Вада была халаднейшая, чым у іншых месцах, мяне проста трэсла! У такія моманты складаней затрымліваць дыханне: цела не можа расслабіцца і траціць больш кіслароду».
Плюс, тлумачыць хлопец, быў абмежаваны час, а з ім і колькасць спроб — усяго 6 разоў. Варыянт паскорыцца таксама не падыходзіў: паводле правіл фрыдайвінгу пасля кожнага нырцавання трэба мінімум 5 хвілін пабыць на паверхні. Гэта не проста патрабаванне, а мера засцярогі ад кесоннай хваробы. Гэта небяспечны стан, які ўзнікае пры хуткім зніжэнні вонкавага ціску, калі раствораны ў крыві азот утварае бурбалкі, нібы ўспеньвае кроў і блакуе сасуды. У рэдкіх выпадках усё можа скончыцца нават смерцю.
«Як нырцуюць фрыдайверы: ёсць буй, які бярэш з сабой, ставіш у ваду, а затым з яго звісае трос. Далей прышпільваешся — гэта трэба, каб не згубіцца на глыбіні, альбо можна апускацца ці ўсплываць наверх як па канаце, — тлумачыць Улад. — Спачатку я паспрабаваў пагрузіцца на глыбіню 30 метраў па тросе, задача была даплыць да прыгожай галіны дрэва. Але ўжо ў працэсе зразумеў, што не магу не дыхаць і не даплыву, і падняўся наверх.
Тады мы з інструктаркай вырашылі дзейнічаць інакш: яна ўзяла з сабой падводны скутар (за яго трымаешся, а ён возіць цябе пад вадой) і зладзіла «падводнае таксі». Я апускаўся да 10 метраў, далей яна мяне падхоплівала, я чапляўся за яе нагу, і мы даплывалі на глыбіню 30 метраў. Для мяне гэта было поўнае вар’яцтва!
Ментальна таксама было няпроста: калі нехта цябе цягне на такую глыбіню, а там яшчэ трэба правесці нейкі час… Падключыўся і страх: а раптам я не змагу самастойна ўсплыць? Гэта вельмі дзіўныя адчуванні».
Максімальны час, які Улад праводзіў на глыбіні, — 2 хвіліны. Пры гэтым пагружэнне на 30 метраў ён называе сапраўдным выклікам і спробай пераадолення сябе. Дарэчы, дзеля чаго ўсё гэта?
«У маім выпадку прычыны дзве: першая — мне вельмі падабаецца здымаць прыгожыя кадры, другая — жаданне ацаніць свае магчымасці, зразумець, на што я здольны. Калі глядзіш відэа з такіх месцаў, то задумваешся: а чым я горшы? Атрымліваецца, што гэта свайго роду чэлендж».
Чытайце таксама:
Інструктар тлумачыць, як магла адбыцца трагедыя з беларускай, якую знесла плынню пад Мурманскам
Хлопец патануў падчас дайвінгу ў Геленджыку, бо інструктары забыліся запоўніць балон
Слова «Унаватуна» значыць «рай». Дзе на Шры-Ланцы адпачывала Мельнікава
Беларуска працуе ў Дубаі русалкай, каб аддаць доўг 20 тысяч даляраў