Лукашэнка расказаў, чаму памяняў кіраўніка Віцебскай вобласці
15 студзеня Аляксандр Лукашэнка на пасаду старшыні Віцебскага аблвыканкама замест Аляксандра Субоціна прызначыў Аляксандра Рагожніка — былога пасла Беларусі ў Расіі і экс-міністра прамысловасці. Цяпер на нарадзе, прысвечанай развіццю Віцебскай вобласці, ён патлумачыў, чаму прыняў такое рашэнне.
Аляксандр Субоцін
Лукашэнка сцвярджае, што рашэнне аб замене кіраўніцтва Віцебшчыны было прынята пасля спецыяльнай праверкі і назірання за сітуацыяй у вобласці.
Маўляў, пасля нарады па сітуацыі на Віцебшчыне ў кастрычніку мінулага года ён чакаў ад Субоціна большай актыўнасці: думаў, што губернатар адразу пачне ездзіць па гаспадарках, сустракацца з людзьмі, унікаць у праблемы і патрабаваць вынікаў ад падначаленых. Аднак, як сцвярджае Лукашэнка, гэтага не адбылося.
Акрамя таго, яму далажылі вынікі маніторынгу размоў віцебскіх чыноўнікаў пасля той нарады. Публічна яны пагаджаліся з яго словамі, але, паводле аператыўнай інфармацыі, у кулуарах некаторыя з іх разлічвалі, што з часам усё забудзецца і нічога істотнага мяняць не давядзецца. Лукашэнка падкрэсліў, што так не будзе і «ўляжацца» сітуацыя не можа.
У выніку ён нібыта прыйшоў да высновы, што пры захаванні ранейшага кіраўніцтва ў вобласці нічога не зменіцца, таму і вырашыў замяніць старшыню аблвыканкама.
Днямі стала вядома, што былы старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, якога Лукашэнка нядаўна адправіў у адстаўку, будзе новым беларускім міністрам па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Аляксандр Субоцін ужо займаў пасаду міністра па прамысловасці і АПК у ЕЭК з верасня 2018‑га па студзень 2020 года. У сакавіку 2020‑га ён быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці, у ліпені таго ж самага года стаў віцэ-прэм'ерам, а з 13 снежня 2021‑га па 15 снежня 2025‑га кіраваў Віцебскай вобласцю. Цяпер жа, прайшоўшы гэты круг кар'ернага росту, ён вярнуўся дакладна ў той жа самы пункт, у якім быў шэсць гадоў таму.
Чытайце таксама:
Аляксандра Субоціна вернуць на ранейшую працу
Аляксандра Субоціна вернуць на ранейшую працу
Прызначаны новы кіраўнік Віцебшчыны
Лукашэнка пра чыноўнікаў: Пабудзе недзе ў месцах не так аддаленых — залаты чалавек
На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць