БЕЛ Ł РУС

У Лівіі забілі сына Муамара Кадафі

3.02.2026 / 23:54

Nashaniva.com

Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, у Лівіі забіты сын Муамара Кадафі — Саіф аль-Іслам. Гэтую інфармацыю пацвердзілі крыніцы, блізкія да яго сям'і, уласны адвакат Кадафі-малодшага і лівійскія СМІ.

Саіф аль Іслам Кадафі

Са звестак саудаўскага тэлеканала «Аль-Хадат», забойства адбылося на паўночным захадзе краіны, недалёка ад горада Зінтан. Паведамляецца, што чацвёра ўзброеных людзей праніклі ў сад 53‑гадовага Саіфа аль-Іслама і застрэлілі яго. Дакладныя матывы і дэталі нападу пакуль застаюцца невядомымі.

«Саіф аль-Іслам загінуў як пакутнік», — сказаў ягоны стрыечны брат Хамід Кадафі лівійскаму спадарожнікаваму тэлеканалу Al Ahrar, дадаўшы, што сям'я не валодае больш падрабязнай інфармацыяй.

Саіф аль-Іслам Кадафі быў ключавой фігурай у атачэнні свайго бацькі: ён не толькі курыраваў знешнюю палітыку, але і выконваў самыя складаныя дыпламатычныя даручэнні.

У лістападзе 2011 года Саіф аль-Іслам Кадафі быў арыштаваны на поўдні Лівіі па ордары Міжнароднага крымінальнага суда. Праз чатыры гады яго прысудзілі да смяротнага пакарання, але затым амніставалі. У 2021 годзе Кадафі-малодшы абвясціў, што будзе балатавацца на пасаду прэзідэнта Лівіі, але выбары тады былі адкладзеныя на нявызначаны тэрмін.

Чытайце таксама:

У Турцыі разбіўся самалёт з начальнікам Генштаба Лівіі на борце

Лівійскія сілавікі вучацца ў Беларусі разганяць пратэсты

У Мінску адкрылася гандлёвае прадстаўніцтва Лівіі

У Мінск зноў прыехала высокая дэлегацыя з Лівіі

Каментары да артыкула