БЕЛ Ł РУС

Наста Базар знайшла новую працу — будзе каардынаваць дапамогу экс-палітвязням

4.02.2026 / 18:25

Вера Белацаркоўская

Актывістка пачынае працу ў камандзе варшаўскага Цэнтра беларускай салідарнасці.

Фота: Радыё Свабода

Наста Базар расказала «Нашай Ніве», што валанцёрыла ў Цэнтры беларускай салідарнасці 18 снежня 2025 года, калі там сустракалі былых палітвязняў, вывезеных праз Украіну ў Польшчу. З таго часу Наста займаецца падтрымкай палітвязняў. 

У сваіх сацсетках актывістка пісала пра тое, якія рэчы патрэбныя дэпартаваным, і прапанавала збіраць іх у ЦБС — у цэнтры ёсць свая прастора. Пазней, калі былых палітвязняў рассялілі па здымных кватэрах, для іх пачалі збіраць і бытавую тэхніку.

Праз гэтую працу Насце з цягам часу прапанавалі далучыцца да каманды ЦБС:

«Маёй працы будзе датычыць усё, што звязанае з падтрымкай палітзняволеных. У ЦБС з 2020 года была добрая валанцёрская каманда, задача цяпер — павялічыць яе і зрабіць устойлівай, сбалансаванай і прадуктыўнай. Вельмі важна клапаціцца пра валанцёраў, каб яны мелі сілы дбаць пра палітзняволеных.

Я застаюся таксама ў «працы рукамі» і працягваю знаходзіць тое, у чым маюць патрэбу палітзняволеныя. Людзі адгукаюцца і прапануюць свае рэчы ў добрым стане альбо гатовыя нешта набыць ці перавесці грошы, таму мы ў ЦБС зрабілі асобны рахунак на гуманітарныя патрэбы палітзняволеных. Я асабіста буду кантраляваць працэс справаздачы».

Наста падкрэслівае, што збор праз ЦБС — гэта не тое ж самае, што прыватныя зборы на былых палітвязняў, якія ладзіць «Байсол». ЦБС будзе збіраць грошы на гуманітарныя патрэбы: напрыклад, некаму патрэбны артапедычны абутак, некаму — коўдра з падушкамі ці рондалі. Калі людзі пажадаюць нешта набыць самі і перадаць гэта экс-палітвязням, Базар абяцае з гэтым дапамагчы.

«Мая задача — быць у кантакце з палітзняволенымі, прычым не толькі з апошняй групы, але з усімі, хто звяртаецца да мяне ці ў ЦБС. Таксама будзем развіваць валанцёрскую каманду і рыхтавацца да сустрэчы наступных груп палітзняволеных разам з вялікай колькасцю іншых арганізацый, ініцыятыў і фондаў.

Што датычыцца маёй іншай актывісцкай дзейнасці, яна застаецца, я па-ранейшаму феміністка і праваабаронца», — кажа Наста.

Чытайце таксама:

Вызваленым палітвязням патрабуецца рэчавая дапамога. Вось што трэба і куды перадаваць

Закахаўся і паехаў ва Украіну. 19‑гадовы беларускі палітвязень дапамагае кіяўлянам перажыць зіму пад расійскімі абстрэламі

Дзяўчыну ўдарыла токам у мінскім тралейбусе — цяпер яна ляжыць у кардыялогіі

Каментары да артыкула