БЕЛ Ł РУС

Аказваецца, у мужчын таксама існуюць «месячныя»

6.02.2026 / 07:00

Антось Жупран

Насуперак распаўсюджанаму стэрэатыпу пра стабільнасць мужчынскага арганізма навуковыя даследаванні і клінічная практыка паказваюць, што мужчыны таксама схільныя да значных гарманальных ваганняў. Хоць гэты стан кардынальна адрозніваецца ад жаночай менструацыі, яго ўплыў на псіхіку і фізічны стан мужчыны можа быць не менш адчувальным.

Фота: Getty Images

Адзначым адразу: калі мы кажам пра менструацыю ў класічным біялагічным сэнсе, то яна ў цысгендарных мужчын адсутнічае па зразумелых прычынах — у іх няма адпаведных органаў. Аднак гэта не значыць, як піша выданне Healthline, што гарманальны фон у мужчын цалкам статычны.

Тэстастэрон — асноўны мужчынскі палавы гармон — пастаянна вагаецца. Яго ўзровень звычайна вышэйшы раніцай і ніжэйшы ўвечары, ён таксама можа змяняцца нават ад дня да дня.

Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што гэтыя гарманальныя ваганні могуць выклікаць сімптомы, якія імітуюць перадменструальны сіндром (ПМС), уключаючы прыгнечанасць, стомленасць, трывожнасць, раздражняльнасць і зніжэнне лібіда.

Псіхатэрапеўт Джэд Дайманд у сваёй аднайменнай кнізе ўвёў тэрмін «сіндром мужчынскай раздражняльнасці» (СМР), каб апісаць гэтыя ваганні і стан, які яны выклікаюць.

Яго канцэпцыя грунтуецца на рэальных прыкладах паводзін млекакормячых, якія апісаў шатландскі даследчык Джэральд Лінкальн у 2002 годзе. Напрыклад, у бараноў пароды соэй назіраецца характэрны гадавы цыкл: падчас сезона спарвання ў канцы восені ўзровень тэстастэрону рэзка ўзлятае, а з надыходам зімы — гэтак жа рэзка падае.

У перыяд зніжэння гармону жывёлы становяцца нервовымі, замкнёнымі і пачынаюць паводзіць сябе ірацыянальна. Падобныя схемы былі зафіксаваныя і ў іншых прадстаўнікоў фауны: высакародных аленяў і нават індыйскіх сланоў.

Эксперты адзначаюць, што ў мужчын таксама існуюць сезонныя ваганні тэстастэрону (з пікам у лістападзе і зніжэннем у красавіку), а таксама ўзроставыя змены. Пасля 30 гадоў узровень гармону паступова зніжаецца. Асобна вылучаюць андрапаўзу — стан, звязаны з паступовым гарманальным згасаннем у мужчын сярэдняга ўзросту.

Сімптомы СМР на фоне зніжэння тэстастэрону могуць нагадваць жаночы ПМС, аднак яны не падпарадкоўваюцца строгай фізіялагічнай заканамернасці і могуць узнікаць нерэгулярна. Да іх звычайна адносяць: адчуванне туману ў галаве; дэпрэсіўны настрой і гнеў; зніжаную самаацэнку і эмацыйную ўразлівасць.

Паколькі сіндром мужчынскай раздражняльнасці не з’яўляецца афіцыйным медыцынскім дыягназам, яго «лячэнне» заключаецца ў карэкціроўцы ладу жыцця. Здаровае харчаванне, фізічныя практыкаванні, адмова ад шкодных звычак і праца са стрэсам дапамагаюць стабілізаваць стан.

Аднак, калі эмацыйная нестабільнасць ці стомленасць замінаюць нармальна жыць, варта звярнуцца да эндакрынолага або псіхатэрапеўта.

Чытайце таксама:

У мужчын таксама бывае клімакс. Вось што гэта такое

Як пагоршыць эрэкцыю, атрымаць прастатыт і бясплоддзе. Парады «наадварот» мужчынам ад жанчыны-ўролага

Прымаць тэстастэрон так кайфова. Але мужчыны пасля горка расплачваюцца

Каментары да артыкула