У Беларусі распрацавалі новы ўдарны беспілотнік
У Беларусі прадставілі новы ўдарны беспілотны авіяцыйны комплекс «Квадра-М», які з’яўляецца мадэрнізаванай версіяй дрона «Квадра-1400». Распрацоўку паказаў Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт.
Скрыншот з відэа
Паводле афіцыйнай інфармацыі, новы беспілотнік прызначаны для паражэння жывой сілы і вайсковай тэхнікі праціўніка і можа выкарыстоўвацца ў любы час сутак.
Асноўны ўпор у новай мадэлі зроблены на дакладнае скіданне боепрыпасаў. Квадракоптар масай каля 36 кілаграмаў здольны несці тры супрацьтанкавыя бомбы ПТАБ-2,5 або іншую баявую нагрузку агульнай вагой да 10 кілаграмаў. Дзякуючы магчымасці завісання над цэллю дрону не патрэбныя складаныя разлікі пры бомбаскіданні.
Галоўным тэхнічным удасканаленнем стаў трохвосевы гіраскапічна стабілізаваны аптычны модуль. Ён уключае камеру з аптычным павелічэннем, цеплавізар і далёкамер. Такое абсталяванне дазваляе аператару не толькі выяўляць цэлі, але і дакладна вызначаць іх каардынаты для прыцэльнага ўдару.
Паводле характарыстык, далёкасць кіравання беспілотнікам складае да 5 кіламетраў, а пры выкарыстанні рэтранслятара — да 10 кіламетраў. Максімальная хуткасць дасягае 72 км/г, працягласць палёту — да 25 хвілін. Дрон можа працаваць на вышынях ад 500 метраў і вышэй, пры гэтым застаецца мала заўважным для праціўніка нават на працоўных вышынях 150—250 метраў.
У Дзяржваенпраме падкрэслілі, што «Квадра-М» — гэта сучасны ўдарны беспілотнік новага пакалення, адаптаваны да актуальных умоў вядзення баявых дзеянняў.
Чытайце таксама:
На ўзбраенне прынялі першы беларускі гранатамёт
Вальфовіч упэўнены, што савецкая вайсковая тэхніка ў Беларусі праслужыць яшчэ гадоў з 20
Падчас праверкі баявой гатоўнасці арміі Лукашэнка абышоўся без Хрэніна