БЕЛ Ł РУС

Ва Украіне раскрылі схему паставак для расійскага ВПК, за якой стаіць інжынер з Беларусі

6.02.2026 / 16:49

Nashaniva.com

Ва Украіне раскрылі схему паставак кампанентаў для расійскага вайскова-прамысловага комплексу з Кітая і Паўночнай Карэі, за якой стаіць грамадзянін Беларусі, колішні інжынер Мінскага аўтамабільнага завода Аляксей Адамовіч, піша «Радыё Свабода».

Мінскі аўтамабільны завод. Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Як паведамілі аналітыкі ўкраінскай кампаніі Dallas, якая вывучае функцыянаванне вайсковай эканомікі Расіі,

«унікальнасць Адамовіча палягае ў тым, што дзякуючы інжынернай адукацыі ён выступае не проста агентам у закупках, а і тэхнічным пасярэднікам, здольным ацэньваць спецыфікацыі і якасць дэталяў».

У расследаванні адзначаецца, што Адамовіч прыйшоў на МАЗ у 1999 годзе малодшым інжынерам і за 20 гадоў вырас да аднаго з ключавых тэхнічных кіраўнікоў. Да 2018 года ён працаваў вядучым інжынерам-канструктарам у аддзеле галоўнага канструктара.

У 2023 годзе ён ачоліў камерцыйны аддзел ААТ «Міханавіцкі лагістычны цэнтр» — гэта звязаная з дзяржавай структура, якая выконвае функцыі кампаніі-прыкрыцця і забяспечвае закупкі для вытворчых ліній МАЗа.

«З 2023 года Адамовіч выконвае ролю важнага пасярэдніка, які аб’ядноўвае падсанкцыйных расійскіх вытворцаў з азіяцкімі пастаўшчыкамі кампанентаў. […] Яго найважнейшы кліент — аўтамабільны завод «Урал» (УралАЗ), які базуецца ў горадзе Міяс Чалябінскай вобласці Расіі і вырабляе вайсковыя грузавікі для Узброеных сіл», — адзначаецца ў расследаванні.

Цэнтр Dallas публікуе ліставанне Аляксея Адамовіча з менеджарамі УралАЗа, у якім абмяркоўваюцца крытычныя элементы трансмісіі, якія нясуць экстрэмальную нагрузку ў баявых умовах, а таксама шляхі аплаты адпаведнага кантракта з кітайскай Xi’an Xin Sanming Auto Parts Co, бо банк расійскага прадпрыемства пад санкцыямі, разлікі ў далярах сталі немагчымымі. Пастанавілі, што за кантракт заплацяць кітайскімі юанямі.

Гэтай кітайскай кампаніі таксама прапанавалі стварыць даччынае прадпрыемства ў свабоднай эканамічнай зоне «Мінск», каб ажыццяўляць усе пастаўкі і разлікі праз беларускую юрысдыкцыю і такім чынам пазбягаць санкцый.

Аналітыкі ўкраінскага цэнтра мяркуюць, што Адамовіч мае прывілеяванае становішча і можа працаваць пад наглядам КДБ. У іх даследаванні адзначаецца, што ён мае «залаты статус» лаяльнасці ў кампаніі «Аэрафлот» і толькі ў жніўні 2025 года чатыры разы лятаў у Кітай.

Аналагічныя закупкі нібыта для МАЗа беларус рыхтаваў і праз паўночнакарэйскую кампанію Chosun Kyonghun 1.

Паралельна са сваёй дзейнасцю на карысць Расіі, паводле ўкраінскіх расследавальнікаў, Адамовіч рэгістраваўся на афіцыйнае сумоўе ў польскім консульстве для атрымання Карты паляка — дакумента, які выдаюць асобам польскага паходжання і які адкрывае шлях для жыхарства ў Польшчы і атрымання польскага грамадзянства. У сваёй заяве Адамовіч паведаміў, што ягоныя дзед і бабуля былі грамадзянамі Польшчы, і падаў архіўныя доказы іх прысутнасці ў спісах выбаршчыкаў у Сейм Польшчы.

Чытайце таксама:

Упершыню расійскія вайскоўцы здаліся ў палон робатам — наватарская аперацыя ўкраінскай штурмавой брыгады

Беларуская кампанія, супрацоўнічаючы з заходнімі брэндамі, адначасова працуе і на расійскі ВПК

Беларускі «Пеленг» судзіцца з прадпрыемствам расійскага ВПК за даўгі

Каментары да артыкула