Мужчына ў Гродне скраў тэлевізар, але гледзець яго баяўся
У канцы студзеня супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Кастрычніцкага РУУС у Гродне атрымалі інфармацыю што ў адной з гандлёвых арганізацый падчас пераўліку не далічыліся тэлевізара. Куды знік тавар, удалося хутка высветліць.
Аказалася, што ў апошні тыдзень снежня 25‑гадовы кіроўца службы дастаўкі перавозіў вернутыя тавары з пункта выдачы маркетплэйса. Яму спадабаўся тэлевізар, які кліенты не выкупілі, і мужчына вырашыў пакінуць яго сабе. На складзе ён не выгрузіў патрэбную скрынку, а каб заблытаць электронную сістэму ўліку, адсканаваў яе разам з астатнім «адмоўленым» таварам. Сума нанесенай шкоды склала амаль 600 рублёў.
Пры гэтым скрадзены тэлевізар мужчына не прадаў і нават не карыстаўся ім. Паводле яго слоў, ён баяўся ўключаць прыладу, бо меркаваў, што яна можа выдаць яго месцазнаходжанне сілавікам. Таму амаль месяц тэхніка захоўвалася ў яго дома ў завадской упакоўцы. Аднак такая «канспірацыя» не дапамагла.
У дачыненні да кіроўцы завялі крымінальную справу па артыкуле «Прысваенне або растрата». Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
У мадрыдскім аэрапорце ў спевака скралі заплечнік з 2,5 мільёнамі даляраў
У Аўстрыі беларуса затрымалі за крадзеж з крам спіртных напояў