Невялічкі эцюд Мікеланджэла прадалі за 27,2 мільёна даляраў. Гэта рэкорд
На аўкцыёне Christie’s у Нью-Ёрку прадалі маленькі эцюд Мікеланджэла за 27,2 мільёна долараў, што стала новым рэкордам для работ мастака, калі-небудзь прададзеных на таргах. Малюнак невялікі — памерам з далонь, і на ім намаляваная толькі ступня: пятка злёгку паднятая над зямлёй, пад ёй бачны цень, паведамляе CNN.
Фота: Christie’s
Гісторыя знаходкі пачалася з таго, што ўладальнік адправіў фатаграфію эцюду на анлайн-ацэнку, нават не падазраючы пра яго сапраўдную каштоўнасць. Спецыялісты Christie’s пацвердзілі, што аўтар — сам Мікеланджэла.
Малюнак зроблены чырвонай крэйдай і служыў падрыхтоўчым эцюдам да фрэскаў на столі Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане, над якімі мастак працаваў у 1508—1512 гадах. Позу ступні і іншыя асаблівасці можна ўбачыць у фігуры Лівійскай сівілы на цэнтральных сцэнах з Кнігі Быцця.
Экспертка Christie’s Джада Дамен адзначыла, што глядач, глядзячы на малюнак, адчувае моц творчай энергіі мастака: відаць, як ён уціскаў крэйду ў паперу, перадаючы форму стапы.
Эцюд дае рэдкую магчымасць зазірнуць у майстэрню Мікеланджэла, бо большасць яго падрыхтоўчых накідаў не захавалася: частку знішчыў сам мастак, частка проста страчаная або пашкоджаная. Да сённяшняга дня вядомыя толькі два эцюды з фігурай Лівійскай сівілы — адзін у Ашмалеанскім музеі ў Оксфардзе, а другі ў Метраполітэн-музеі ў Нью-Ёрку. Усяго захавалася каля 50 эцюдаў да фрэсак Сіксцінскай капэлы, і раней ніводзін з іх не прадаваўся на аўкцыёне.
Раней невядомы малюнак выклікаў вялікую цікавасць пакупнікоў, і фінальная цана амаль у 20 разоў перавысіла пачатковую ацэнку, зрабіўшы яго самым дарагім творам Мікеланджэла, прададзеным на адкрытым аўкцыёне.
Падрабязныя даследаванні пацвердзілі аўтарства мастака: на малюнку ў левым ніжнім кутку напісана імя Мікеланджэла, як і на аналагічным эцюдзе ў Метраполітэн-музеі.
Раней малюнак знаходзіўся ў адной сям’і больш за 200 гадоў. У XVIII стагоддзі яго набыў швейцарскі дыпламат Арман Франсуа Луі дэ Местраль дэ Сен-Сафарэн, потым ён перайшоў да пляменніка, а далей — да нашчадкаў, якія вырашылі прадаць эцюд на аўкцыёне. Імя пакупніка Christie’s не раскрывае.
Чытайце таксама:
Луўр заплаціў дзясяткі мільёнаў еўра за карціну, якую збіраліся выкінуць у сметніцу
На аўкцыёне прадалі карціну Рубенса, якая некалькі стагоддзяў лічылася страчанай
Дзіўную і злавесную карціну Фрыды Кала купілі за рэкордныя для жанчыны-мастачкі грошы
Карціну Густава Клімта прадалі за $236 мільёнаў. Гэта рэкорд