БЕЛ Ł РУС

Сяброўка Віктара Лукашэнкі рыхтуецца адкрыць трэцяе бістро ў Мінску

8.02.2026 / 18:10

Nashaniva.com

Нядаўна Людміла Няронскай таксама пабудавала ў сталіцы рыбны завод.

Фота: Office Life

У снежні 2025 года на тэрыторыі Мінскага тэхнапарка адкрылася бістро «Рыбны дом «Марскія сезоны»». Другое бістро размясцілася ў мінскім ГЦ «Першы нацыянальны». Трэці рэстаран сеткі будзе ў сталічным мікрараёне Лошыца, паведамляе Office Life.

Бістро развівае кампанія «Марская Мануфактура», звязаная з «Марскімі сезонамі» беларускай бізнэсвумен Людмілы Няронскай.

Установы працуюць у фармаце крам з кухняй. Гэта значыць, што на іх тэрыторыі ёсць прылаўкі з таварамі, як у звычайнай краме, а таксама кухня і пасадачныя месцы, як у рэстаране.

Што тычыцца меню, то ў ім ёсць, напрыклад, супы том-ям і буябес за 23 рублі, сашымі з фарэлі і тунца за 24 рублі, тартар з фарэлі з гуакамоле за 24 рублі, розныя ролы і гарачыя стравы. Акрамя гэтага, у краме можна купіць любую сырую рыбу — і яе адразу там прыгатуюць на грылі. Кошт такой паслугі — 6 рублёў.

Паводле звестак гандлёвага рэестра, яшчэ адзін рыбны дом адкрыецца на Ігуменскім тракце ў мінскім мікрараёне Лошыца. Кампанія ўжо пачала шукаць туды супрацоўнікаў. Так, на rabota.by зараз актыўныя вакансіі прадаўца-касіра і афіцыянта-бармена. Ім гатовыя плаціць 2 тысячы рублёў на рукі.

«Марская Мануфактура» была створана ў ліпені 2025 года ў Мінску. Яе асноўны від дзейнасці — рэстараны. Кампанія зарэгістраваная па тым жа адрасе, што і «Марская гавань». Яе дырэктарам з’яўляецца Людміла Няронская. У другой палове 2025 года кампанія купіла плошчы рыбакомплексу збанкрутаванай «Белрыбы» па вул. Сцебнева ў Мінску.

Акрамя сеткі бістро «Рыбны дом «Марскія сезоны»», кампанія «Марская Мануфактура» кіруе сталовай «Марскія сезоны», якая размешчана па адрасе былых плошчаў збанкрутаванай «Белрыбы».

У канцы лістапада 2025 года ў «Калядзічах» адкрыўся рыбаперапрацоўчы завод кампаніі «Марскія сезоны». Яго магутнасць — 5,849 тысячы тон рыбнай прадукцыі ў год. Плошча — 3,286 тысячы «квадратаў».

Людміла Няронская адкрывае завод. Фота: Павел Русак / Tochka.by

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула