БЕЛ Ł РУС

На вайне ва Украіне загінуў камандзір армянскага батальёна «АрБат», былы «вагнеравец» Айк Гаспаран

9.02.2026 / 15:15

Nashaniva.com

На вайне супраць Украіны загінуў вайсковец расійскай арміі, камандзір «Армянскага батальёна» («АрБат») Айк «Абрэк» Гаспаран. Пра гэта паведамілі акупацыйны кіраўнік Горлаўкі Іван Прыходзька і Z-блогер Уладзіслаў Зіздок, піша «Новая газета Еўропа».

Фота: Расія-24

Паводле іх слоў, Гаспаран загінуў сёння, 9 лютага, падчас выканання баявога задання. Іншыя падрабязнасці яго смерці не раскрываюцца.

Айк Гаспаран нарадзіўся ў Карабаху. У Расіі ён быў асуджаны за ўзброенае рабаванне. Падчас адбывання пакарання ў калоніі яго завербавала ПВК «Вагнер», пасля чаго ён адправіўся на вайну супраць Украіны. Пазней Уладзімір Пуцін асабіста ўручаў Гаспарану медаль «За адвагу».

У 2022 годзе крымінальны аўтарытэт з Данецкай вобласці Армен Саркісян заснаваў армянскі добраахвотніцкі батальён «АрБат» і заняўся падрыхтоўкай байцоў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. У 2023 годзе камандзірам батальёна стаў Айк Гаспаран.

Саркісян загінуў у лютым 2025 года ў выніку выбуху ў жылым комплексе «Алые паруса» ў Маскве. Паводле даных СМІ, напад мог здзейсніць тэрарыст-смяротнік. Следчы камітэт у якасці прыярытэтнай версіі забойства Саркісяна разглядаў перадзел сфер уплыву, звязаны з яго бізнэс-інтарэсамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула