БЕЛ Ł РУС

У праекце новай канстытуцыі Казахстана змянілі фармулёўку аб выкарыстанні рускай мовы

9.02.2026 / 20:26

Nashaniva.com

9 лютага на пасяджэнні канстытуцыйнай камісіі намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда Казахстана Бакыт Нурмуханаў паведаміў, што артыкул 9 праекта новай Канстытуцыі быў удакладнены: слова «нароўні» («тең» на казахскай мове, «наравне» на рускай) заменена на слова «разам» (на казахскай «қатар», на рускай «наряду»).

Фота: Zakon.kz

Бакыт Нурмуханаў патлумачыў, што пры распрацоўцы новай Канстытуцыі «асаблівая ўвага надаецца забеспячэнню тэрміналагічнай і семантычнай аднастайнасці», таму лінгвісты і іншыя спецыялісты «ўнеслі рэдакцыйныя і стылістычныя змены на аснове прапанаваных імі рэкамендацый».

Раней у артыкуле 9 праекта новай Канстытуцыі было напісана, што ў дзяржаўных арганізацыях і органах мясцовага самакіравання нароўні з казахскай афіцыйна ўжываецца руская мова. Цяпер гэтае слова будзе заменена на слова «разам».

У дзейнай канстытуцыі Казахстана фігуруе слова «нароўні» («тең», «наравне»).

Ініцыятыву змены канстытуцыі Казахстана выказаў у студзені 72‑гадовы прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў. Ён цяпер адпрацоўвае свой нібыта адзіны паводле ўнесеных у канстытуцыю ў 2022 годзе паправак сямігадовы тэрмін, які заканчваецца 20 лістапада 2029 года (выбары ў 2022 годзе былі датэрміновымі, з першага тэрміна Такаеў адпрацаваў толькі 3 гады з пяці). Ці будзе пасля прыняцця новай канстытуцыі Такаеў мець права балатавацца наноў — пакуль што на афіцыйным узроўні ніхто адкрыта не кажа. 

Увогуле ж праект новай канстытуцыі, як і заўсёды ў падобных выпадках, у асноўным закранае арганізацыю ўлады і кіраванне дзяржавай. У краіне прапануецца замяніць двухпалатны парламент на аднапалатны Курултай з 145 дэпутатамі, якія будуць выбірацца па партыйных спісах на пяць гадоў. Цяперашняя змяшаная выбарчая сістэма скасоўваецца.

Плануецца стварыць таксама новы кансультатыўны орган — Халык Кенесы (Народная рада), якая будзе збірацца мінімум раз на год і мець права заканадаўчай ініцыятывы. Усе 126 членаў Халык Кенесы будуць прызначацца непасрэдна прэзідэнтам. Гэты орган многія параўноўваюць з лукашэнкаўскім Усебеларускім народным сходам.

Акрамя таго, новы праект канстытуцыі прадугледжвае пасля 30 гадоў аднавіць пасаду віцэ-прэзідэнта, які прадстаўляе Казахстан на міжнародных форумах, удзельнічае ў пасяджэннях Курултая ад імя прэзідэнта і працуе з грамадска-палітычнымі, навуковымі і культурнымі арганізацыямі. Кандыдатуру віцэ-прэзідэнта прапануе прэзідэнт, а Курултай можа зацвердзіць яе не больш за два разы. Калі дэпутаты не пагаджаюцца з прапанаванай кандыдатурай, парламент аўтаматычна распускаецца.

Па аналагічным прынцыпе будуць зацвярджацца спікер Курултая, прэм’ер-міністр і суддзі Вярхоўнага суда. Адзначаецца, што старшыня Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў прызначаюцца ўказамі прэзідэнта.

Новая канстутуцыя прадугледжвае магчымасць дэпутатаў ініцыяваць імпічмент прэзідэнта, чаго няма ў дзейным асноўным законе, але калі Канстытуцыйны суд не падтрымае рашэнне Курултая, то ініцыятары пазбаўляюцца мандатаў.

Іншыя важныя новаўвядзенні: канстытуцыйнае верхавенства канстытуцыі Казахстана над рашэннямі міжнародных арганізацый, вызначэнне шлюбу як саюза мужчыны і жанчыны, абмежаванне пратэстаў, якія пагражаюць грамадскай бяспецы і маральнасці, усталяванне інстытута амбудсмена і адвакатуры на канстытуцыйным узроўні, а таксама прыняцце ўсіх канстытуцыйных паправак толькі праз агульнанацыянальны рэферэндум.

Чытайце таксама:

У Казахстане забаранілі прапаганду ЛГБТ

У Казахстане забаранілі адзенне, якое хавае твар

Ахвотным паехаць у Казахстан трэба будзе атрымліваць дазвол

Палітолаг патлумачыла, што значыць прамова прэзідэнта Казахстана перад Пуціным па-казахску

Расійскі дыпламат заявіў, што ў Казахстане менш вучаць рускую мову. МЗС Казахстана хутка паведаміла, што дыпламат тут больш не працуе

Каментары да артыкула