У Варшаве завялі «птушкамат» для ратавання параненых птушак. Кажуць, што ён такі першы ў свеце
У Варшаве на тэрыторыі заапарка пачаў працаваць унікальны кругласутачны пункт прыёму параненых дзікіх птушак — Ptasi Punkt Przyjęć, які ў народзе ўжо назвалі «птушкаматам». Сюды жыхары горада могуць прынесці птушак, якія маюць патрэбу ў тэрміновай дапамозе, паведамляе the-warsaw.pl.
Пункт дазваляе значна хутчэй перадаваць птушак спецыялістам Птушынага прытулку і тым самым аператыўна аказваць ім дапамогу. Кіраўніцтва заапарка сцвярджае, што аналагаў такому рашэнню ў свеце не існуе.
Гэта першае месца ў Варшаве, куды можна звярнуцца пры знаходжанні параненай дзікай птушкі. Пункт працуе 24 гадзіны на суткі, сем дзён на тыдзень, і адразу злучае людзей з супрацоўнікамі Птушынага прытулку.
Дырэктар Варшаўскага заапарка адзначыў, што ідэя стварэння такога пункта ўзнікла шмат гадоў таму і стала рэалізацыяй яго дзіцячай мары — стварыць бяспечную прастору для дзікіх птушак. Хоць сам прытулак развіваўся паступова, «птушкамат» стаў прынцыпова новым і наватарскім рашэннем, якога няма нават у краінах з развітой сістэмай аховы дзікай прыроды.
Новы павільён распрацаваны так, каб даць магчымасць для бяспечнай і зручнай перадачы птушак любога памеру — ад дробных сініц да буслоў. Памяшканне падзелена на дзве зоны: адну для наведвальнікаў і другую, закрытую, для супрацоўнікаў прытулку. Унутры ўсталяваныя спецыяльныя боксы, а сам будынак абсталяваны ацяпленнем, вентыляцыяй, кандыцыянерам, сантэхнікай і відэаназіраннем.
Карыстанне пунктам вельмі простае. Чалавек павінен паведаміць ахове заапарка пра намер перадаць птушку, аднесці яе ў скрынцы да «птушкамата», пакласці ў вольную ячэйку, запоўніць спецыяльную картку з пазначэннем нумара ячэйкі і пакінуць яе побач або ў спецыяльнай урне. Пасля гэтага трэба пераканацца, што дзверцы ячэйкі шчыльна зачыненыя.
Інструкцыі размешчаныя як пры ўваходзе ў заапарк, так і ўнутры памяшкання, прытым даступныя на некалькіх мовах. Наведвальнікаў просяць захоўваць цішыню, не адчыняць занятыя ячэйкі і не пакідаць усярэдзіне ежу ці староннія рэчы.
Чытайце таксама:
Мінчанка выратавала лебедзя, якога дзяўблі вароны на Камсамольскім возеры
Рыбакі выратавалі ў Пастаўскім раёне рэдкую птушку
«Не такі ўжо ён белы і пухнаты». Кіраўнік цэнтра па ратаванні буслоў расказаў пра іх шмат цікавага