Грамадства88

«Не такі ўжо ён белы і пухнаты». Кіраўнік цэнтра па ратаванні буслоў расказаў пра іх шмат цікавага

Гэты чалавек ужо некалькі гадоў ратуе беларускіх буслоў. Blizko.by пагаварыла з Дзмітрыем Аўдзеевым, заснавальнікам «Дома Брэсцкага Бусла».

Захапленне ці важная місія вырасла з выпадковасці. Проста ў пэўны дзень на мяжы свайго ўчастка Дзмітрый знайшоў бусляня, выкінутае з гнязда бацькамі, і ўратаваў яго. 

— У мяне атрымалася вырасціць птушаня. Я тэлефанаваў у Пскоўскую вобласць у «Дом Белага Бусла» Марыне Сідзенка, кансультаваўся, як усё правільна зрабіць, і змог выпусціць птушку на волю. Праз год узяў «пад крыло» ўжо некалькі птушанят, а на трэці — адкрыў прыродаахоўную ўстанову. 

У Беларусі гэта першы і адзіны цэнтр рэабілітацыі буслоў. Але неабходны. Бо буслы даволі часта выкідаюць птушанят з гнязда, прычым зусім здаровых асобін. Рэч у тым, што самка адкладае яйкі не адначасова, а з прамежкам у некалькі дзён, напрыклад, прыносіць 4‑5 яек на працягу тыдня. Адпаведна, вылупляюцца малыя таксама з невялікім прамежкам.

Але гэтыя некалькі дзён маюць для птушанят вырашальнае значэнне. Апошняе вылупленае малое ў гняздзе акажацца самым маленькім і слабым, а значыць, ягоныя браты і сёстры будуць атрымліваць ад бацькоў больш ежы, і крытычная розніца паміж імі будзе расці. Каб не марнаваць рэсурсы на ад пачатку слабую птушку, бацькі выкідаюць такіх з гнязда.

Такіх птушанят часта падбіраюць добрасардэчныя беларусы. Але гэта рэдка прыносіць птушкам дабро. Буслы вельмі хутка прывыкаюць да людзей. Дастаткова тыдня каля чалавека, і малады бусел ужо не падыдзе да сваіх суродзічаў. Ён будзе жыць сярод людзей і ўспрымаць іх як асобін свайго віду.

— Калі вы бачыце буслоў, якія жабруюць на прыпынках, гэта не бедныя птушкі, якія не змаглі паляцець. Гэта імпрынтныя асобіны, якія лічаць чалавека прадстаўніком свайго віду і крыніцай корму. Яны ніколі не дадуць нашчадкаў.

Нядаўна мы забралі такога бусла з «дзікага асяроддзя». Ён вывучыў расклад і сустракаў адзін і той жа прыгарадны аўтобус. Спадзяваліся, што птушка зможа вярнуцца ў прыроду, але — не, на жаль. Такія птушкі бездапаможныя, іх трэба карміць і ўтрымліваць у спецыяльных вальерах.

Наогул, вось так проста гадаваць дзікіх птушак на сваім дачным участку, як гэта робяць у нас, злачынства. Калі вы хочаце дапамагчы птушаняці, яго трэба забраць з дзікай прыроды, патэлефанаваць у раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аформіць працэдуру, перадаць спецыялістам. Інакш вы парушаеце закон. Штраф за гэта — да 20 базавых. І я ўпэўнены, што некалькіх чалавек трэба паказальна пакараць, тады людзі перастануць тварыць дзікасць з добрымі намерамі.

Нядаўна да мяне прывезлі птушку з падвойным скручаным пераломам крыла. Буслу было балюча ад найменшага неасцярожнага руху, у яго слёзы цяклі, і ў такім стане ён знаходзіўся як мінімум 4 месяцы. Людзі, у якіх ён жыў, лічаць, што выратавалі птушачку, а я называю гэта латэнтным жывадзёрствам. Крыло прыйшлося ампутаваць, але бусел хоць бы перастаў пакутаваць ад болю. Толькі ўявіце, што можа адчуваць жывая істота, калі ягонае крыло анучкай боўтаецца паміж ног.

У «Доме Брэсцкага Бусла» выкінутых птушанят гадуюць у спецыяльных вальерах з дзікімі суродзічамі, каб яны мінімальна кантактавалі з чалавекам.

— У нас ёсць зімнік і адкрыты вальер, дзе птушкі жывуць з сабе падобнымі. Улетку ладзім на даху імправізаваныя гнёзды, рассяляючы птушанят, зыходзячы з іх сяброўскіх пераваг. За гэтым працэсам можна паназіраць — мы транслюем будні птушак у рэжыме анлайн.

— Буслы лічацца сімвалам Беларусі, чаму? 

— Я доўга капаўся ў гэтым пытанні, але не знайшоў адказу, калі ж бусел стаў лічыцца «нашай» птушкай. Хоць у апошні час з-за глабальнага пацяплення бусел мігруе ўсё далей на ўсход, і не выключана, што гадоў праз 100 буслоў у Беларусі не будзе, а сімвалам нашага краю стане нейкая іншая птушка. Думаю, бусел адлюстроўвае добрыя рысы беларускага менталітэту — гэта бяскрыўдная, прыгожая, сямейная, верная птушка. Хоць, вядома, калі пакапацца ў звычках бусла, да яго ўзнікне шмат пытанняў, не такі ўжо ён белы і пухнаты.

Перш за ўсё, гэта драпежнік, ён можа паляваць не толькі на рыбу, насякомых, яшчарак, але і злавіць зайчаня. Ёсць нават тэорыя, што менавіта таму нарадзіўся міф, нібыта буслы прыносяць дзяцей. Маўляў, калі бусел цягне зайчыка ў гняздо, той пішчыць, зусім як немаўля. Афіцыйна заяўляю, што гэта лухта. Бусел забівае здабычу на месцы.

На самай справе ў распаўсюджванні міфа вінаватыя старажытныя германцы. Яны гулялі вяселлі ў перыяд адлёту буслоў, а вярталіся птушкі якраз праз 9 месяцаў, калі ў пар нараджаліся дзеці.

Дарэчы, самі буслы дасягаюць палавой спеласці прыкладна ў 3 гады. Так што маладняк, які паляцеў зараз на поўдзень, вернецца да нас толькі праз некалькі гадоў. Увесь гэты час птушкі будуць жыць у Афрыцы. А дадому вернуцца віць гнёзды, складаць пары і гадаваць дзяцей. 

 — Буслы манагамныя? 

— Так, хоць ёсць нюансы. Самцы і самкі зімуюць паасобку. Прычым на вялікай адлегласці адно ад аднаго. Іх могуць раздзяляць 2‑3 тысячы кіламетраў. Дык вось самцы, як правіла, вяртаюцца ў Беларусь раней. І пачынаюць рыхтаваць гняздо ў чаканні сваёй паловы. Але калі самка затрымаецца ў дарозе, да яго можа праявіць цікавасць іншая асобіна, і бусел не адмовіць ёй ва ўвазе. Тады да вяртання «законнай» пары створыцца канфліктная сітуацыя. Будзе бітва. Гэтыя сцэны людзі перыядычна назіраюць у дзікай прыродзе і памылкова мяркуюць, што б'юцца два самцы. Не, гэта самкі змагаюцца за гняздо. 

Гэтым летам Дзмітрый фактычна стаў прыёмным татам буслянят. Мама-бусліха загінула. Яе збіў грузавік на трасе. У гняздзе засталіся яйкі. Дзмітрый атрымаў дазвол забраць і інкубаваць іх. І не дарма, таму што далей гісторыя развівалася як у казцы. Той, якая пра злую мачыху.

Яйкі, якія засталіся ў гняздзе, падмянілі на курыныя. Самец сумленна выседжваў іх некалькі дзён, але на чацвёртыя суткі інстынкт узяў верх і птушка паляцела здабываць корм. 

 — Ужо ў гэты час птушаняты ў яйках маглі загінуць, бо парушаць тэмпературны рэжым, хай і на кароткі час, нельга. Нават калі б у асірацелым гняздзе заставаліся не яйкі, а ўжо вылупленыя птушаняты, яны ўсё адно не выжылі б без другога з бацькоў. Пакуль адзін шукае ежу, другі грэе малых. У буслянят вельмі недасканалая тэрмарэгуляцыя, яны могуць загінуць ад найменшага прахалоднага ветрыку.

Дык вось не ведаю, адкуль і як, але самкі ў акрузе даведаліся пра «бесгаспадарнага» бусла і пачалі канфліктаваць за самца. Нарэшце, адна з дам выйграла бітву. Самец павёўся на жаночыя чары і запрасіў яе на сваю жылплошчу… І першае, што зрабіла самка, уладкаваўшыся ў гняздзе, — гэта выкінула ўсе яйкі. Так што гісторыі пра бяскрыўдных буслоў — моцнае перабольшанне.

— Вас калі-небудзь дзяўбаў бусел? 

— Так, было не балюча, таму што я паспеў адхапіць руку. Але бусел усё ж закрануў кісць, таму я доўга не мог паварушыць рукой. Наогул, дзюба бусла — магутная зброя, ён можа праламаць ёй чэрап маладому мядзведзю, а дробных жывёл забівае на раз.

— А чым вы корміце такіх сур'ёзных драпежнікаў? 

— Курынымі шыямі, сутачнымі куранятамі, рыбай. Даражэй за ўсё абыходзіцца нават не корм, а яго захоўванне. Маразільная скрыня, куды змяшчаецца 210 кг сутачных куранят, «есць» вельмі шмат энергіі. За электрычнасць кожны месяц мы аддаём па 300 рублёў.

 — Складана было адкрыць рэабілітацыйны цэнтр для дзікіх птушак у нашай краіне? 

— Не паверыце, але самым цяжкім было ўзгадніць назву. То двукоссі не там, то літара не вялікая. Усё астатняе атрымалася даволі хутка і без цяганіны.

Мяне добра ведаюць у мясцовых службах аховы прыроды. Яны праверылі вальеры, пераканаліся, што ўсё добра. І мы сталі працаваць як юрыдычная асоба. Сёння цалкам існуем на ахвяраванні аматараў птушак.

Ёсць іншая праблема: зямлю, дзе знаходзяцца буслы, у наступным годзе мы арандаваць не зможам, а значыць, страцім умовы, на якіх можам утрымліваць птушак. Мы шукаем магчымасці гэтага пазбегнуць, бо будзе шкада зробленай працы і сваіх дасягненняў.

Мы шмат чаго паспелі. Сёлета ўратавалі чырванакніжнага чорнага бусла, лебедзя, некалькіх соў… Праца наладжаная, ёсць спецыялісты, з якімі працуем. Іх было складана знайсці, бо арніталогія — гэта малады і пакуль непапулярны кірунак. Ветэрынарам значна выгадней займацца коцікамі і сабачкамі, чым капрызнымі і дрэнна вывучанымі птушкамі.

 — Тэрапію цалкам закрывае брэсцкая спецыялістка Алена Ткаліч з клінікі «Совушка», а хірургію — мінская ветэрынарка Кацярына Верасавая з «АйбиВЕТ». Птушак да яе на прыём адпраўляем найбліжэйшай маршруткай.

Дзякуй нашай валанцёрцы Аляксандры Шапашнікавай, якая не раз прымала буслоў на вакзале, вазіла ў клініку і потым у пасляаперацыйны перыяд іх выгадоўвала. Без яе выратаваць птушак было б немагчыма. Напрыклад, пры пераломах лячэнне трэба пачынаць як мага хутчэй, паколькі ўтварэнне касцявога мазаля на месцы траўмы адбываецца на працягу 5‑7 дзён. Пасля гэтага шанец на вяртанне асобіны ў натуральнае асяроддзе рэзка зніжаецца. 

Вядзецца не толькі праца па выратаванні, але і па кальцаванні ды ўліку буслоў. 

— Цяпер у Беларусі часта можна ўбачыць нямецкіх буслоў, якія ствараюць тут пары. Ці то ім вельмі падабаюцца беларускія прыгажуні, ці то сакрэт у тым, што ў Германіі актыўна «кальцуюць» сваіх асобін.

Мы таксама атрымалі дазвол у Рэспубліканскага цэнтра кальцавання птушак на працу з бусламі. Ужо замовілі вырабы ў Польшчы і чакаем, калі яны будуць гатовыя. Па еўрастандартах беларускім птушкам належаць пластыкавыя ўзоры зялёнага колеру з вялікай літарай Е. Яны заўважныя здалёк, так што, нават калі моцна не набліжацца да птушкі, можна будзе на адлегласці вызначыць айчынную асобіну.

А вось пасмяротнае кольца — невялікае, металічнае — як правіла, можна разгледзець толькі на мёртвай птушцы.

«Дому Брэсцкага Бусла» дапамагаюць аматары прыроды, дзякуючы ім у наступным годзе некаторых буслоў забяспечаць GPS-трэкерамі, каб адсочваць іх перамяшчэнні. Напрыклад, можна будзе даведацца, дзе менавіта птушка ўладкавалася на зімоўку.

Праўда, пакуль Дзмітрый Аўдзееў разважае над гэтай перспектывай, яна хоць і прывабная для даследчыка, але ставіць пад пагрозу жыццё бусла. Рэч у тым, што ў Афрыцы вядзецца паляванне менавіта на птушак з трэкерамі, якія можна выгадна прадаць на запчасткі або скарыстацца сімкай…

На жаль, суседства з людзьмі прыносіць буслам не толькі дабро. Папуляцыя белакрылых птушак памяншаецца. 

— Людзям здаецца, што птушак стала больш. Таму што ў Беларусі з'явілася шмат закінутых вёсак, з якіх сышлі не толькі людзі, але і буслы. Натуральна, птушкі ляцяць туды, дзе ёсць чалавек, і народ радуецца, што вакол абжытых месцаў з'яўляецца ўсё больш птушыных гнёздаў. Але гэты прырост — усяго толькі ілюзія.

Хоць сітуацыя з белымі бусламі, вядома, не такая крытычная, як з чорнымі. З-за таго, што чорны бусел цураецца людзей, ён аказаўся на мяжы вымірання. Ягоныя гнёзды пастаянна руйнуюць дзікія жывёлы, якія не наважваюцца падыходзіць блізка да жылля чалавека. Таму птушка размнажаецца з вялізнымі цяжкасцямі.

 — А ці можна скрыжаваць белага бусла з чорным? 

— О так! Яны выдатна злучаюцца ў пары ў дзікай прыродзе. Прычым вельмі пацешна робяць агульнае гняздо. Белы бусел любіць салому, а чорны аддае перавагу моху — і яны па чарзе выкідаюць з гнязда «лішняе». Пакуль не дамовяцца. А птушкі ад чорна-белай пары атрымліваюцца шэрага колеру.

Дарэчы, 2026 год у нас абвешчаны годам чорнага бусла. Будзем спадзявацца, што ён прынясе самай беларускай з усіх беларускіх птушак толькі дабро.

Каментары8

  • хамса
    18.12.2025
    «Не такі ўжо ён белы і пухнаты»)
    аднойчы ў парыкмахерскай... Майстар стрыжэ мяне і расказвае (гаваркая), як схадзіла па грыбы... прысела, кажа, на пянёк, як раптам у плячо нехта тук. спужалася, паварочваюся, а гэта бусел. брудны. смярдзючы, кажа. і гэта сімвал наш :/ дык яны ж зараз на сметніціцах жывуць, кажу.
  • Андрусь
    19.12.2025
    Да [Рэд.] - я б, усё ж, не даваў актыўных спасылак на псеўдадэмакратычныя рэсурсы тыпу Точкі і Блізко, бо людзі ўнутры Беларусі верыцьмуць ім, бо на іх жа Наша Ніва спасылаецца, а яны, насамрэч, акрамя буслоў, лукашысцкую прапаганду пашыраюць.
    А, што да зместу, то цікава, карысна, даўно трэба было такое напісаць. Але ж нават тут ёсць проймы, пэўна, няўсвядомленага рэспандэнтам зняпраўджвання прапаганды: "...у Беларусі з'явілася шмат закінутых вёсак, з якіх сышлі не толькі людзі, але і буслы". Згадзіцеся, улічваючы дасягненні "Программы возрождения села", пра якія рапартуе прапаганда, такое сцвярджэнне арнітолага-аматара можа падвесці яго і пад артыкул аб "дыскрэдытацыі РБ".
  • 2026
    19.12.2025
    Амаль чорнага лебедзя

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць23

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Усе навіны →
Усе навіны

З раскошным відам на ваду. У сталіцы пачынае фармавацца новы мікрараён, першы дом хутка будзе гатовы6

«Аааа, нарэшце! Мы ўсё думалі, калі ўжо вашы суставы…» Севярынец расказаў, як яго мэтанакіравана мучылі ў зняволенні7

Лукашэнка абнавіў склад камісіі па памілаванні1

Маладая сям’я з Жодзіна расказала, як у чатыры разы скараціла выдаткі на ежу12

Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў: Мы, беларусы, ведаем, што такое Расія. Мы ведаем яе імперскія апетыты20

Маразы скончыліся. Ноччу было не ніжэй за тры градусы

«Калі Пуцін пойдзе на Нарву, мы пойдзем на вайну» — міністр абароны Швецыі1

У 2025 у Расіі апублікавалі на 40% больш некралогаў па вайскоўцах, чым у 202410

Жыхары дома ў «Мінск-Свеце»: Тэмпература ў пакоях — ніжэй за 18 градусаў, спім пад дзвюма коўдрамі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць23

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць