БЕЛ Ł РУС

Былога кіраўніка БРСМ з Іўя кінулі ў СІЗА па палітычным артыкуле і залічылі ў тэрарысты

11.02.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Сяргей Пахомаў працаваў у школе, уваходзіў у рэзерв кадраў райвыканкама і ўзначальваў раённы БРСМ. Аднак цяпер мужчына знаходзіцца за кратамі.

Сяргей Пахомаў. Фота: lidanews.by

Сяргей Пахомаў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Казахстане, але вырас у Беларусі. У 2013 годзе ён скончыў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы і пайшоў працаваць настаўнікам гісторыі ў школу ў Жамыслаўлі — там, дзе стаіць знакаміты палац.

Малады спецыяліст неўзабаве стаў першым сакратаром Іўеўскага раённага камітэта БРСМ і нават трапіў у рэзерв кіруючых кадраў мясцовага выканкама. У інтэрв'ю дзяржаўнай прэсе ён хваліў беларускую стабільнасць і ладзіў патрыятычныя акцыі.

Аднак пазней жыццё Сяргея змянілася. Пасля 2017‑га ён пайшоў з адукацыі. У лютым 2025 года Пахомаў зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, асноўным відам дзейнасці пазначыў дахавыя работы.

Нядаўна стала вядома, што 37‑гадовы мужчына знаходзіцца ў СІЗА. Яму выстаўлена абвінавачанне паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»). Хоць прысуд яшчэ не вынесены, КДБ ужо ўключыў яго у спіс «тэрарыстаў».

Што менавіта стала прычынай крымінальнага пераследу, пакуль невядома. Імаверна, гэта каментары ў тэлеграме з неабароненага акаўнта.

Чытайце таксама:

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Кіроўцу аўтобуса з Магілёва адправілі за краты за лайкі ў «Аднакласніках»

Вайскоўца з роты ганаровай варты, які пасля працаваў у ахове дыппрадстаўніцтваў, асудзілі за палітыку

Каментары да артыкула