«Я ні пра што не шкадую. Я паспрабавала, марыла». Ліндсі Вон упершыню пракаментавала сваё жахлівае падзенне на Алімпіядзе
Легендарная амерыканская гарналыжніца ўпершыню пракаментавала сваё падзенне ў хуткасным спуску, што адбылося ў нядзелю.
Screengrab by IOC via Getty Images
Адпаведны допіс 41‑гадовая спартсменка апублікавала на сваёй старонцы ў Instagram.
«Мая алімпійская мара скончылася не так, як я марыла. Гэта была не казка, а рэальнае жыццё. Я адважылася марыць і шмат працавала, каб гэтая мара спраўдзілася. Але ў хуткасным спуску розніца паміж аптымальнай гоначнай лініяй і катастрафічнай траўмай можа складаць усяго 5 цаляў.
Мая гоначная лінія проста была на 5 цаляў вышэй, чым трэба. Рука зачапілася за вароты [сцяжка], мяне развярнула, і гэта прывяло да падзення. Мая пярэдняя крыжападобная звязка і папярэднія траўмы тут ні пры чым.
На жаль, я атрымала складаны пералом галёнкі. Цяпер костка стабільная, аднак спатрэбяцца шматлікія аперацыі, каб яе аднавіць. Нягледзячы на інтэнсіўны боль, які я адчувала, я ні пра што не шкадую. Стаяць у стартавых варотах — гэта было неверагоднае адчуванне, якое я ніколі не забуду. Усведамленне таго, што я стаяла там з шансамі перамагчы, ужо само па сабе з’яўляецца перамогай. І я ведала, што ўдзел у гонцы — гэта рызыка. Гэты спорт заўсёды быў і заўсёды будзе небяспечным.
Я паспрабавала. Я марыла. Спадзяюся, што з маёй гісторыі вы вынясеце тое, што ва ўсіх вас ёсць смеласць марыць. Жыццё занадта кароткае, каб адмаўляцца ад сваіх шанцаў. Бо адзіная параза — гэта не паспрабаваць. Я веру ў вас гэтак жа, як вы верылі ў мяне», — напісала амерыканка.
30 студзеня Вон падчас этапу Кубка свету ў Швейцарыі парвала пярэднюю крыжападобную звязку левага калена. Нягледзячы на такую цяжкую траўму, 41‑гадовая амерыканка адважылася выступіць на Алімпіядзе, дзе зноў упала.
Ліндсі — адна з самых тытулаваных гарналыжніц у гісторыі. Увосень 2024 года яна вярнулася ў спорт пасля пяцігадовага перапынку і замены каленнага сустава ў левай назе.
Чытайце таксама:
41‑гадовая Ліндсі Вон з цяжкой траўмай нагі выйшла на трасу, але ўпала ў самым пачатку спуску ВІДЭА
Ліндсі Вон знаходзіцца ў стабільным стане пасля падзення на Алімпіядзе-2026
Лыжніца Ганна Каралёва паўдзельнічае сёння ў спаборніцтвах на Алімпіядзе