У Драздах выставілі на продаж катэдж з рэкорднай цаной — $7,5 мільёна ШМАТ ФОТА
Побач жывуць чыноўнікі, а гаспадыня гэтага дома — 88‑гадовая пенсіянерка.
Дом відавочна выдзяляецца нават сярод шыкоўнай забудоўлі Драздоў: сіметрычны фасад, ломаная лінія даху, высокія коміны.
Агульная плошча гэтага палаца — каля 620 квадратаў, жылая — больш за 400. У аб’яве пазначана, што ў свой час над праектам працавалі еўрапейскія дызайнеры.
На ўваходзе гасцей сустракаюць статуі львоў.
А ў параднай — пафасная лесвіца з каванымі парэнчамі. Ёсць два жылыя узроўні і цокальны паверх.
У галоўным будынку (бо ёсць на тэрыторыі і гасцявы домік з кухняй, каміннай зонай, спальняй і санвузлом) прадугледжана тры спальні, кожная з якіх мае свой ванны пакой.
Галоўная з іх па памеры большая за кватэру сярэднестатыстычнага мінчаніна — амаль 67 квадратаў.
Прадугледжаны і працоўны кабінет.
На цокалі размешчаны хатні кінатэатр, барная зона, більярд і акустычны раяль.
Асобна выдзелены паўнацэнны гаспадарчы і інжынерны блок.
Да ўсёй гэтай раскошы прыкладаецца ўчастак плошчай 25 сотак. На ім ёсць нават уласная сажалка глыбінёй 2,5 метра — у ёй можна купацца.
Для адпачынку пабудаваны лазневы комплекс з тэрасай над вадой. Створана некалькі асобных зон адпачынку, у тым ліку лаўнж і барбекю, ёсць спартыўная зона.
А шпацыраваць можна па цудоўным садзе, дзе прадумана вечаровае асвятленне.
Ёсць месца для паркоўкі дзвюх машын і зарадная станцыя для электрамабіляў.
Просяць за такі аб'ект 7,5 мільёна даляраў (гэта амаль 21,6 мільёна рублёў).
Паводле інфармацыі Нацыянальнага кадастравага агенцтва, па стане на 2021 год катэдж належаў пенсіянерцы Надзеі Зайцавай. Сёлета ёй мае быць 89 гадоў, але магчымасці праверыць, ці яна жывая і ці па-ранейшаму застаецца ўласніцай дома, няма.
Па інфармацыі Belpol, Надзея Зайцава — маці бізнэсмена Ігара Зайцава, сузаснавальніка сеткі ювелірных крам «Зіка». Менавіта ён выкупіў два суседнія ўчасткі ў мясцовых жыхароў, а потым іх аб'яднаў.
Гісторыю таго, як з Вяснянкі рабілі суперэлітны раён, «Наша Ніва» пісала ў 2014 годзе.
Чытайце таксама:
Самую дарагую кватэру ў снежні купілі ў Драздах
У Драздах прадаюць дом, які пабудаваў былы прэм'ер Навіцкі на льготны крэдыт
Самы дарагі дом у жніўні ў Беларусі прадалі за 1,2 мільёна даляраў
У Драздах гадамі не могуць прадаць дамы, звязаныя з набліжанымі да ўладаў людзьмі