Украінец будзе змагацца за «шлем памяці» на Алімпіядзе. Хто на ім — поўны спіс
Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў украінскаму спартсмену Уладзіславу Гераскевічу выступаць у шлеме з фотаздымкамі спартсменаў, якія загінулі падчас вайны Расіі супраць Украіны. МАК адхіліў просьбу Гераскевіча і прапанаваў яму надзець чорную павязку, каб ушанаваць іх памяць, піша Бі-бі-сі — Украіна.
Фота: Andrew Milligan / PA Images via Getty Images
Скелетаніст Гераскевіч размясціў на сваім шлеме партрэты ўкраінскіх спартсменаў, якія загінулі падчас вайны.
Ён паведаміў, што МАК забараніў яму ў гэтым шлеме і выступаць, і трэніравацца. «Рашэнне, якое проста разбівае сэрца», — пракаментаваў забарону Гераскевіч у X.
Паводле яго слоў, пасля такога рашэння ўзнікае адчуванне, што «МАК здраджвае тым спартсменам, якія былі часткай алімпійскага руху». Ён кажа, што камітэт не дае магчымасці ўшанаваць іх на арэне, куды гэтыя спартсмены больш ніколі не змогуць выйсці. Гераскевіч паведаміў, што рыхтуе афіцыйны запыт да МАК і будзе змагацца за сваё права насіць менавіта гэты шлем.
Уладзіслаў Гераскевіч нёс украінскі сцяг на адкрыцці Алімпіяды ў Мілане.
Гісторыю пракаментаваў Уладзімір Зяленскі. Ён падзякаваў украінскаму спартсмену за тое, што той «нагадвае свету цану нашай барацьбы».
«Гэтая праўда не можа быць нязручнай, недарэчнай ці называцца «палітычнай акцыяй на спаборніцтвах». Гэта напамін усяму свету пра тое, што такое сучасная Расія», — адзначыў Зяленскі.
Міністр замежных спраў Андрэй Сібіга дадаў:
«Шлем памяці не можа быць забаронены — ва ўшанаванні ўкраінскіх спартсменаў, забітых Расіяй, няма нічога палітычнага. Гэтыя злачынствы нельга замоўчваць. Мы настойваем на справядлівым канчатковым рашэнні МАК».
«Шлем памяці» і спіс загінулых
Пра свой «шлем памяці» Уладзіслаў Гераскевіч раней распавядаў у інтэрв’ю «Суспільному». На ім намаляваныя выявы некаторых спартсменаў, якія загінулі за апошнія чатыры гады падчас уварвання Расіі.
«Некаторыя з іх былі членамі алімпійскага руху, алімпійскай сям’і; нехта — проста дзецьмі, якія трапілі пад расійскія абстрэлы. Гэта былі людзі, якія ўсё жыццё былі цесна звязаныя са спортам, заўзелі за нас, былі нашымі сябрамі», — сказаў украінскі скелетаніст.
«Некаторыя з іх былі маімі сябрамі», — дадаў Гераскевіч.
У каментары Tribuna.com ён падаў паіменны спіс усіх людзей, чыю памяць хацеў ушанаваць:
-
Дзмітрый Шарпар — фігурыст, срэбраны прызёр чэмпіянату Украіны, удзельнік Юнацкіх Алімпійскіх гульняў-2016; загінуў у баях пад Бахмутам у студзені 2023 года.
-
Павел Ішчанка — чатырохразовы чэмпіён Украіны па мнагабор’і, чэмпіён свету і Еўропы па паўэрліфтынгу; загінуў падчас выканання баявога задання ў 2025 годзе.
-
Максім Галінічаў — баксёр, прызёр Юнацкіх Алімпійскіх гульняў, чэмпіён Еўропы сярод юнакоў; загінуў у сакавіку 2023 года на Луганшчыне.
-
Яўген Малышаў — 19‑гадовы біятланіст, удзельнік Юнацкіх Алімпійскіх гульняў-2020; загінуў у баях за Харкаў у сакавіку 2022 года.
-
Андрэй Куцэнка — шматразовы чэмпіён Украіны па веласпорце, добраахвотнік УСУ; загінуў у ліпені 2024 года.
-
Аляксей Лагінаў — хакеіст, брамнік «Белага Барса»; загінуў у Луганскай вобласці ў 2023 годзе.
-
Карына Бахур — чэмпіёнка Украіны і Еўропы па кікбоксінгу; загінула падчас расійскага абстрэлу Харкаўшчыны ў 2025 годзе.
-
Мікіта Казубенка — майстар спорту Украіны па скачках у ваду, трэнер; загінуў у 2025 годзе падчас службы ў Нацгвардыі.
-
Раман Палішчук — лёгкаатлет (скачкі ў вышыню), вайсковец УСУ; загінуў у сакавіку 2023 года.
-
Андрэй Ярэменка — барэц грэка-рымскага стылю, шматразовы прызёр чэмпіянатаў Украіны; загінуў у снежні 2025 года.
-
Тарас Шпук — трэнер ветэранскай зборнай «Гульні непакораных»; загінуў на фронце ў верасні 2025 года.
-
Фёдар Епіфанаў — фехтавальшчык, майстар спорту Украіны, удзельнік чэмпіянату свету сярод кадэтаў; загінуў на фронце ў 2023 годзе.
-
Кацярына Траян — лёгкаатлетка, вайсковая 82‑й АДШБр; загінула ў чэрвені 2025 года.
-
Уладзімір Андрашчук — лёгкаатлет, удзельнік чэмпіянатаў Еўропы сярод юнакоў і моладзі; загінуў у баях пад Бахмутам у 2023 годзе.
-
Аляксей Хабараў — майстар спорту міжнароднага класа па стральбе, трэнер; загінуў у 2025 годзе на Данеччыне.
-
Дар’я Курдзель — 20‑гадовая танцоўшчыца, прызёрка міжнародных турніраў; загінула ў выніку абстрэлу Крывога Рога ў 2022 годзе.
-
Іван Кананенка — цяжкаатлет, акцёр, афіцэр УСУ; загінуў у 2025 годзе.
-
Аліна Перагудава — 14‑гадовая цяжкаатлетка, кандыдатка ў зборную Украіны; загінула падчас абстрэлу Марыупаля.
-
Карына Дзячэнка — 11‑гадовая гімнастка; загінула разам з сям’ёй у Марыупалі ў 2022 годзе.
-
Вікторыя Івашка — 9‑гадовая дзюдаістка; загінула падчас абстрэлу Кіева ў 2023 годзе.
-
Марыя Лебедзь — 15‑гадовая танцоўшчыца; загінула падчас ракетнага ўдару па Дняпры ў 2023 годзе.
-
Назар Зуй — юны баксёр і футбаліст; загінуў разам з бацькамі ў Марыупалі ў 2022 годзе.
Фота: Al Bello / Getty Images
Прапанавалі чорную павязку замест шлема
МАК растлумачыў, што забарона шлема звязаная з правіламі Алімпійскай хартыі.
«Правіла 50.2 забараняе любыя дэманстрацыі або палітычную, рэлігійную ці расавую прапаганду на тэрыторыі Алімпійскіх гульняў», — заявіў прадстаўнік МАК Марк Адамс. Ён дадаў, што арганізацыя з самага пачатку знаходзілася ў дыялогу са спартсменам і шукала кампраміснае рашэнне.
«Мы цалкам разумеем жаданне спартсменаў ушаноўваць памяць тых, хто загінуў у вайне ва Украіне і ў іншых канфліктах у свеце. Але мы павінны засяродзіцца на спорце і выніках, забяспечыць роўныя правы для ўсіх атлетаў і захаваць поле спаборніцтваў свабодным ад любога ўмяшання», — адзначыў Адамс.
Паводле яго слоў, МАК прыйшоў да высновы, што выкарыстанне шлема з партрэтамі загінулых супярэчыць дзейным правілам.
«Мы паведамілі, што гэты шлем парушае правілы. У той жа час дазволілі Уладзіславу Гераскевічу выкарыстоўваць чорную павязку без тэксту падчас спаборніцтваў. Ён ужо выказаў сваю пазіцыю ў сацыяльных сетках, і мы лічым гэта разумным кампрамісам», — дадаў прадстаўнік МАК.
У МАК таксама падкрэслілі, што ў Гульнях удзельнічаюць спартсмены з больш як 90 краін, і кожны з іх можа мець уласныя прычыны для ўшанавання памяці, таму арганізацыя вымушана «захоўваць далікатны баланс».
Уладзіслаў Гераскевіч не ўпершыню выкарыстоўвае Алімпійскія гульні як пляцоўку, каб нагадаць свету пра вайну Расіі супраць Украіны.
На Гульнях у Пекіне ў 2022 годзе ён правёў «маўклівы пратэст» з плакатам «Не вайне ва Украіне» — за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
У чацвер на Алімпіядзе пройдзе кваліфікацыя ў скелетоне, фіналы ў пятніцу.