БЕЛ Ł РУС

Украінскі скелетаніст Гераскевіч пракаментаваў сітуацыю са сваёй дыскваліфікацыяй на Алімпіядзе

12.02.2026 / 13:24

Nashaniva.com

Ён адзначыў, што не атрымаў ніякага тлумачэння адносна расейскага сцяга, намаляванага на шлеме аднаго са спартоўцаў.

Фота: Andrew Milligan / PA Images via Getty Images

Украінскі скелетаніст Уладзіслаў Гераскевіч упершыню пракаментаваў сваю дыскваліфікацыю на зімовай Алімпіядзе-2026, піша УНІАН.

Украінскі спартовец мяркуе, што ніякіх парушэнняў з ягонага боку на Алімпіядзе-2026 не было. «Мы не парушылі ніякіх правілаў і мелі поўнае права выступаць у гэтым шлеме на ўзроўні з іншымі спартоўцамі, якія рабілі падобнае ў папярэднія дні на гэтых Алімпійскіх гульнях», — падкрэсліў спартовец.

Гераскевіч распавёў, што ў атрыманых ім дакументах напісана, што ён публічна анансаваў, што гэта ахвяры вайны.

«Гэты шлем не нясе палітычнага кантэксту, таму, мяркую, я меў поўнае права выступаць у ім», — выказаў перакананне спартовец.

У сувязі з гэтым Гераскевіч паставіў пад сумнеў заявы Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) і асабіста старшыні МАК Керсці Ковентры, што яны падтрымліваюць Украіну.

«У гэтым ёсць вялікія сумневы. Асабліва пасля гэтага рашэння. Мы заплацілі цану за нашу годнасць. Я адстойваў інтарэсы Украіны і памяць аб спартоўцах», — растлумачыў свае дзеянні Гераскевіч.

Ён адзначыў, што ў далейшым будзе рыхтаваць пазоў у CAS і працягваць змагацца за свае правы.

Нагадаем, што сёння Міжнародны алімпійскі камітэт дыскваліфікаваў Улада Гераскевіча, які збіраўся выступаць на спаборніцтвах у шлеме, на якім былі фотаздымкі загінулых на вайне з Расіяй украінскіх спартоўцаў.

Раней МАК забараніў яму ў гэтым шлеме і выступаць, і трэніравацца. Гераскевічу прапанавалі замяніць шлем на чорную стужку. А ў шлеме, маўляў, можна будзе выйсці да прэсы пасля спаборніцтваў. Ён адмовіўся.

На шлеме змешчаныя выявы 20 спартсменаў, якія загінулі за апошнія чатыры гады падчас уварвання Расіі.

«Некаторыя з іх былі членамі алімпійскага руху, алімпійскай сям’і; нехта — проста дзецьмі, якія трапілі пад расійскія абстрэлы. Гэта былі людзі, якія ўсё жыццё былі цесна звязаныя са спортам, заўзелі за нас, былі нашымі сябрамі», — сказаў украінскі скелетаніст. — Некаторыя з іх былі маімі сябрамі».

Чытайце таксама:

МАК забараніў украінскаму скелетаністу выступаць у шлеме з выявамі спартсменаў, загінулых на вайне

Украінец будзе змагацца за «шлем памяці» на Алімпіядзе. Хто на ім — поўны спіс

Украінскага скелетаніста Гераскевіча дыскваліфікавалі на Алімпіядзе за шлем з фотаздымкамі загінулых на вайне спартоўцаў

Прэзідэнт МАК расплакалася пасля дыскваліфікацыі скелетаніста Гераскевіча

Каментары да артыкула