БЕЛ Ł РУС

На Нямізе ў Мінску дабудоўваюць шматфункцыянальны комплекс з вадаспадам і дрэвамі на даху

12.02.2026 / 18:45

Nashaniva.com

12 лютага кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Сяргей Рубанаў наведаў шматфункцыянальны комплекс на вуліцы Няміга, 44, які ўзводзіць кампанія «Сігмаполюс». Паколькі аб'ект знаходзіцца ў цэнтры горада, гарадскія ўлады надаюць яму асаблівую ўвагу, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Гатоўнасць гэтага будынка ўжо складае каля 75 %. Каркас ужо амаль цалкам зашклёны, цяпер завяршаецца мантаж алюмініевых канструкцый вітражоў, а асноўныя работы вядуцца ўнутры.

Паводле галоўнага архітэктара Івана Вінаградава, будынак будзе мець арыгінальны выгляд і выкананы з выкарыстаннем унікальных тэхналогій. Упершыню ў Беларусі ў такім аб’ёме выкарыстоўваюцца радыусныя (выгнутыя) шкляныя вітражы. Каля комплексу з’явіцца вялікі дэкаратыўны вадаспад і штучны ручай уздоўж фасада — як сімвал ракі Нямігі.

Будынак будзе мець розную паверхавасць. У ім прадугледжаныя трохузроўневы паркінг, фудмол, гіпермаркет, гандлёвыя і офісныя памяшканні, у тым ліку двухузроўневая крама з эскалатарам. Памяшканні ўжо ацяпляюцца.

Асобнай адметнасцю стане эксплуатаваны дах, дзе плануюць стварыць зялёную зону з аўтаматычнай сістэмай паліву. Дрэвы будуць высаджваць у адкрыты грунт, а не ў кантэйнеры.

Завяршыць будаўніцтва плануюць да канца 2026 года. Вясной тут пачнецца ўпарадкаванне тэрыторыі: укладка пліткі і стварэнне зялёных зон.

Чытайце таксама:

Мінчане купілі дарагую кватэру ў модным раёне, а цяпер шкадуюць. Усё з-за суседзяў зверху

Мінскбуд паказаў, як выглядае новая інфекцыйная бальніца

Для паскарэння будаўніцтва метро ў Мінску закупілі другую «Алесю»

Каментары да артыкула