БЕЛ Ł РУС

МАК трапіў пад агонь крытыкі за продаж футболак з сімволікай Алімпійскіх гульняў, праведзеных Гітлерам

13.02.2026 / 19:37

Nashaniva.com

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) сутыкнуўся з крытыкай з боку Германіі за продаж футболак з тэматыкай Алімпійскіх гульняў 1936 года ў Берліне, якія выкарыстоўваліся нацыстамі і Адольфам Гітлерам для прапаганды, піша Бі-бі-сі.

Фота: shop.olympics.com

Футболкі, якія прадаваліся ў афіцыйнай інтэрнэт-краме Алімпійскіх гульняў, дэманстравалі мужчынскую постаць з лаўровым вянком, над якой размешчаныя алімпійскія кольцы, а пад ёй — Брандэнбургская брама і надпіс Germany Berlin 1936 Olympic Games. Гэты дызайн быў створаны мастаком Францам Вюрбелем для афіцыйнага плаката Гульняў 1936 года, што праводзіліся ўжо ў нацысцкім Берліне.

У Германіі прагучалі заклікі спыніць продаж такіх футболак, бо многія лічаць іх «недарэчнымі і непрымальнымі», паколькі яны не ўтрымліваюць гістарычнага кантэксту. Клара Шэдліх, прадстаўніца фракцыі Зялёных у берлінскім парламенце, адзначыла, што гульні 1936 года былі цэнтральным інструментам нацысцкай прапаганды і што МАК «недастаткова асэнсаваў сваю ўласную гісторыю».

У адказ МАК заявіў, што хоць ён «прызнае гістарычныя праблемы нацысцкай прапаганды», але таксама імкнецца адзначыць дасягненні гульняў: у Берліне, маўляў, удзельнічалі 4 483 спартсмены з 49 краін у 149 дысцыплінах. Футболкі ўваходзяць у серыю Olympic Heritage Collection, якая паказвае 130 гадоў алімпійскага мастацтва і дызайну, уключаючы эмблемы, плакаты, піктаграмы і маскотаў з усіх Алімпійскіх гульняў.

МАК таксама адзначыў, што многія ўдзельнікі Берлінскай Алімпіяды ўразілі свет сваімі дасягненнямі, у прыватнасці афраамерыканскі спартсмен Джэсі Оўэнс, які заваяваў чатыры залатыя медалі і разбіў міф пра арыйскае расавае вяршэнства. У той жа час гістарычны кантэкст Гульняў 1936 года тлумачыцца ў Алімпійскім музеі ў Лазане, а футболак гэтага дызайну было выпушчана вельмі абмежаваная колькасць.

Тым не менш, пасля скандалу футболку з продажу прыбралі.

Чытайце таксама:

Прэзерватываў, назапашаных для спартсменаў на Алімпіядзе ў Італіі, хапіла на тры дні

Стурла Хольм Легрэйд выбачыўся перад былой дзяўчынай за аповед пра здраду

Украінскі скелетаніст Гераскевіч пракаментаваў сітуацыю са сваёй дыскваліфікацыяй на Алімпіядзе

Прэзідэнт МАК расплакалася пасля дыскваліфікацыі скелетаніста Гераскевіча

Украінскага скелетаніста Гераскевіча дыскваліфікавалі на Алімпіядзе за шлем з фотаздымкамі загінулых на вайне спартоўцаў

Каментары да артыкула