Эканамістку з «Армтэка», якая перайшла ў IT і дапамагала бяздомным жывёлам, асудзілі па справе Гаюна
Карына Бардухай рабіла паспяховую кар'еру ў IT і лагістыцы, а ў вольны час ратавала сабак. Але нядаўна дзяўчыну асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму».
Карына Бардухай. Фота з яе старонкі Укантакце
Карыне Бардухай 30 гадоў, яна з Мінска. Дзяўчына скончыла БДУІР па спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў эканоміцы».
Яшчэ студэнткай БДУІР яна пачынала працу ў 2013 годзе аператарам на МАЗе, пазней працавала мерчандайзерам і рэдактарам сайтаў, паралельна асвойваючы бухгалтэрыю. У 2018‑м Бардухай перайшла ў кампанію «Армтэк» — гэта адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў аўтазапчастак у краіне. За пяць гадоў дзяўчына вырасла ад шэраговага эканаміста да вядучага спецыяліста і эксперта ў сістэме SAP.
Апошні год перад арыштам Карына працавала бізнэс-аналітыкам у «1ССофтСэрвіс»: праводзіла воркшопы для кліентаў, пісала тэхнічныя заданні і кіравала камандай распрацоўкі. Мяркуючы з водгукаў у Linkedin, калегі цанілі яе за ўменне перакладаць складаныя запыты бізнэсу на зразумелую мову праграмістаў.
Яна не проста валанцёрыла з жывёламі, а бралася за складаныя выпадкі. Карына выходжвала сабак з праблемамі паводзін, шукала ім ператрымку і новы дом. У сацсетках захаваліся яе шматлікія допісы пра пошук кватэр, куды пусцяць з гадаванцамі, і гісторыі пра ўратаванага ёю пса Оскара. Таксама дзяўчына захапляецца фатаграфіяй, танцамі і конным спортам.
Карыну судзілі ў Гомельскім абласным судзе. Ёй інкрымінавалі часткі 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Падрабязнасці справы невядомыя, але часцей за ўсё па гэтым артыкуле судзяць за напісанне ў чат-бот канала «Беларускі Гаюн».
Дакладны тэрмін, вынесены Бардухай, невядомы, але яна атрымала хімію з накіраваннем.
Чытайце таксама:
Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер
Маладую завадчанку з «Гарызонта» асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Маладую фатографку з Баранавічаў асудзілі за палітыку. Яна толькі нядаўна стала мамай