Калі трэба плаціць падатак з прызоў і сувеніраў, а калі не — тлумачыць падатковая
У якіх выпадках прызы, падарункі і сувеніры лічацца даходам, а ў якіх — не? Калі коратка: не ўсе падарункі — гэта даход, які абкладаецца падаткам, піша Onliner.
Сувеніры ад дзяржорганаў — без падатку
Калі сувенірную або памятную прадукцыю ўручаюць удзельнікам афіцыйных мерапрыемстваў, сустрэч дэлегацый, спартыўных або культурных падзей, такія выдаткі не лічацца асабістым даходам чалавека.
Гэта тычыцца выпадкаў, калі чалавек выступае як прадстаўнік арганізацыі або дзяржоргана. Кошт сувеніра пры гэтым значэння не мае — падаходны падатак плаціць не трэба.
А вось з прызамі ўжо больш складана
Прызы, узнагароды і заахвочванні ў грашовай і натуральнай форме ў цэлым лічацца даходам і абкладаюцца падаходным падаткам. Але ёсць выключэнні.
Ад падатку вызваляюцца:
- прызы спартсменам за міжнародныя і рэспубліканскія спаборніцтвы — ва ўстаноўленых памерах;
- грашовыя прэміі пераможцам і ўдзельнікам раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў і іншых мерапрыемстваў — у межах, прадугледжаных заканадаўствам;
- прызы і падарункі ў натуральнай форме (напрыклад, кубкі, медалі, сувеніры) для пераможцаў і ўдзельнікаў такіх мерапрыемстваў — без абмежаванняў па кошце.
Калі арганізацыя праводзіць конкурс малюнкаў або праект для студэнтаў і ўручае ўдзельнікам кубкі, медалі або сувеніры, то плаціць падатак не трэба.
Тое ж тычыцца, напрыклад, галіновай спартакіяды: калі прыз уручаецца ў натуральнай форме, ён вызваляецца ад падаходнага падатку.
Калі падатак усё ж давядзецца плаціць
Калі рэч перадаюць чалавеку ў асабістае карыстанне і гэта не звязана з яго працай або афіцыйным мерапрыемствам, такі падарунак могуць прызнаць даходам — і тады давядзецца заплаціць падатак.