Маркаў: «Замірыцца» — гэта каварная тактыка Захаду, яны хочуць легалізаваць новыя СМІ пад выглядам канструктыўных
«Ад нас не адстануць. Але сістэма кантролю наладжана», — заявіў міністр інфармацыі. З яго слоў вынікае, што ўлады не маюць намеру адмаўляцца ад таталітарызму.
Міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў. Фота: Белта
Некалькі дзён таму ў сваёй праграме «Марков. Ничего личного» падчас размовы з галоўным рэдактарам выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрыем Жуком міністр інфармацыі Марат Маркаў заявіў, што да выбараў 2030 года Захад зноў плануе разгайдаць сітуацыю ў Беларусі і збірае для гэтага сілы і сродкі.
Сёння афіцыйны тэлеграм-канал Міністэрства інфармацыі апублікаваў пашыранае тлумачэнне пазіцыі міністра ў выглядзе адказу на пытанне гледача праграмы: «Вы рэальна думаеце, што ў іх засталася для гэтага электаральная база? Ці разлік толькі на «тактыку замірыцца» і падмануць і раскалоць эліты?»
Свой адказ Маркаў пачаў з заўвагі пра выдатную эканамічную сітуацыю: эканоміка Беларусі расце, а сярэдні памер заробку і пенсіі — максімальны за ўвесь перыяд незалежнасці.
Што тычыцца падзей 2020‑га года, то міністр даводзіць, што рэжым уратавала тое, што «не ўдалося на эмоцыях падняць на пратэсты працоўныя калектывы і раскалоць эліты і сілавікоў».
«Хтосьці потым з'ехаў, хтосьці сеў, кагосьці пакуль пранесла… — кажа Маркаў аб праціўніках дыктатуры. — Але сістэма кантролю наладжана. І прымаўка пра аднаго бітага ў адносінах да ўмацавання ўлады актуальная і відавочная», — пагражае чыноўнік.
Што тычыцца будучыні, Маркаў упэўнены, што «ад нас не адстануць» і Захад у адносінах да Беларусі паспрабуе «легалізаваць новыя грамадскія ініцыятывы і СМІ «пад выглядам канструктыўных».
Маркаў перасцерагае: спадзявацца на лаяльнасць насельніцтва недастаткова, бо лёс дзяржаў часта вырашаюць не народныя масы, а згуртаваныя і матываваныя групоўкі.
Ён падкрэсліў «несправядлівы, але бясспрэчны факт»: уладу заўсёды і ўсюды змяняе актыўная меншасць пры пасіўным назіранні большасці. Каб падмацаваць папярэджанне пра небяспеку нават нешматлікіх актыўных груп, чыноўнік звярнуўся да гісторыі, нагадаўшы пра колькасць бальшавікоў у 1917‑м і ўдзельнікаў Майдану ў 2014-м. Менавіта з гэтых прыкладаў, на думку міністра, трэба рабіць «правільныя высновы».
Не абмінуў увагай Маркаў і новыя пагрозы, звязаныя з выкарыстаннем «інфаінструментаў».
«У 2020‑м годзе на нас выпрабавалі абсалютна новыя інфармацыйныя тэхналогіі, несувымерныя па ўкладаннях памерам краіны і насельніцтву», — сцвярджае прапагандыст і заўважае, што ў той час яшчэ не было штучнага інтэлекту.
«Хто перашкаджае нашым апанентам паставіць новы шматмільярдны інфармацыйны эксперымент?» — засцерагае лукашыстаў Марат Маркаў.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў выехаць за мяжу. Гэта выклікала масавыя народныя пратэсты, у якіх удзельнічалі мільёны людзей. У адказ на гэта ўлады распачалі масавыя рэпрэсіі. Сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну, каля 150 тысяч сталі ахвярамі крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.
* * *
Лукашысты змагаюцца з незалежнымі СМІ, а вы можаце падтрымаць нашу працу. Калі вы працуеце ў Польшчы або Літве, то для вас гэта не будзе каштаваць ані цэнта вашых грошай.
Вы проста перанакіруеце 1,2—1,5% ад ужо сплачанага вамі падаходнага падатку пры падачы абавязковай падатковай дэкларацыі.
Вось падрабязная інструкцыя, як зрабіць гэта ў Польшчы. Калі вы працуеце ў Літве, то вам сюды.