БЕЛ Ł РУС

Новае пакаленне гендырэктараў: моладзь і далёка не «крэпкія хазяйсцвеннікі» масава ўзначальваюць трыльённыя бізнэсы

16.02.2026 / 20:28

Антось Жупран

У ЗША назіраецца найбуйнейшая за апошнія як мінімум 15 гадоў хваля зменаў у кіраўніцтве буйных публічных кампаній. Колькасць новых генеральных дырэктараў рэкордная, і пры гэтым яны маладзейшыя і маюць менш досведу, чым іх папярэднікі.

Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: Getty Images

Паводле аналізу, які ахоплівае 1500 найбуйнейшых кампаній, што гандлююцца на біржы, летась быў заменены прыкладна адзін генеральны дырэктар з дзевяці. Гэта самы высокі ўзровень ратацыі з 2010 года — часу, калі ЗША толькі выходзілі з фінансавага крызісу, піша The Wall Street Journal.

І тэндэнцыя не запавольваецца: ужо ў студзені і пачатку лютага дзясяткі кампаній абвясцілі пра новыя прызначэнні. Сярод іх — Walmart, Procter & Gamble і Lululemon Athletica. У адзін дзень на пачатку лютага новых кіраўнікоў назвалі Disney, PayPal і HP. На мінулым тыдні сетка супермаркетаў Kroger прызначыла кіраўніком былога топ-менеджара Walmart.

Маштаб зменаў выглядае як вялікі эксперымент у галіне карпаратыўнага лідарства. Кампаніі вымушаныя рэагаваць на імклівы рост штучнага інтэлекту, разбурэнне старых і добра выбудаваных гандлёвых практык, а таксама на нестабільную эканамічную і геапалітычную сітуацыю.

Па словах кіраўніка глабальнай практыкі па падборы CEO міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Spencer Stuart Джэймса Цытрына, цяпер кампаніі знаходзяцца ў новым асяроддзі, таму старыя схемы кіравання ўжо не гарантуюць поспеху. Калі кіраўнік не дэманструе хуткага прагрэсу як у аперацыйнай дзейнасці, так і ў працы з інвестарамі, рады дырэктараў становяцца яшчэ менш цярплівымі, чым раней.

Узрост CEO кампаній S&P 500 на момант прызначэння, па гадах. Крыніца: Spencer Stuart

Паводле аналізу Spencer Stuart, новыя кіраўнікі ў сярэднім маладзейшыя — іх сярэдні ўзрост складае 54 гады, што на два гады менш у параўнанні з прызначэннямі годам раней. Пры гэтым больш за 80% са 168 новых CEO, прызначаных у 2025 годзе, сталі кіраўнікамі ўпершыню і не мелі папярэдняга досведу кіравання публічнымі кампаніямі альбо іншымі буйнымі самастойнымі прадпрыемствамі. Дзве траціны з іх ніколі раней не ўваходзілі ў рады дырэктараў карпарацый.

Пры гэтым, як адзначае выданне, адсутнасць досведу кіравання самастойнай публічнай кампаніяй не заўсёды азначае недастатковую падрыхтаванасць. Па словах Сіндзі Джэймісан, якая ўваходзіць у рады дырэктараў буйной амерыканскай рэстараннай сеткі Darden Restaurants і міжнароднай хіміка-харчовай кампаніі International Flavors & Fragrances, маладзейшыя кіраўнікі больш адпавядаюць новай рэальнасці. Сітуацыя мяняецца вельмі кардынальна і незваротна, таму патрэбныя людзі, якія працавалі «на перадавой», у самым цэнтры падзей, і прымалі складаныя рашэнні на практыцы.

У тых выпадках, калі кампаніі ўсё ж прызначалі старэйшых і больш дасведчаных кіраўнікоў, гэта часта было звязана з крызіснымі абставінамі. Паводле экспертаў Spencer Stuart, усё больш кампаній летась выбіралі членаў рады дырэктараў для аперацыйнага кіравання — звычайна як часовае рашэнне, што сведчыць пра збоі ў планаванні пераемнасці. У тэхналагічным, медыйным і тэлекамунікацыйным сектарах такія прызначэнні склалі 15% ад усіх новых CEO.

Адначасова, як піша WSJ, зменшылася доля жанчын на пасадах генеральных дырэктараў. Толькі 9% новых прызначэнняў летась дасталіся жанчынам — супраць 15% годам раней. У цэлым жанчыны займаюць каля 9% пасад генеральных дырэктараў у 1500 найбуйнейшых амерыканскіх публічных кампаніях, якія ўваходзяць у індэкс S&P 1500. У галоўным біржавым індэксе ЗША — S&P 500 — жанчын-CEO цяпер 46.

Такім чынам, як падсумоўвае WSJ, амерыканскі карпаратыўны сектар увайшоў у перыяд маштабнага абнаўлення кіраўніцтва, калі на чале трыльённых кампаній усё часцей становяцца маладзейшыя кіраўнікі, многія з якіх упершыню ўзначальваюць публічныя карпарацыі і якім даводзіцца прымаць рашэнні ў беспрэцэдэнтна складаных умовах.

Чытайце таксама:

Грошы грабуць акцыянеры, а не нанятыя работнікі: такая цяпер эканоміка, і будзе яшчэ горш (ці лепш?)

Топ-менеджарку OpenAI звольнілі за сэксуальную дыскрымінацыю супрацоўніка-мужчыны

У Цэнтральную і Усходнюю Еўропу цякуць мільярды: рэкордныя інвестыцыі, нягледзячы на нявызначанасць

Каментары да артыкула