БЕЛ Ł РУС

Беларускія дзяржаўныя СМІ пачалі заклікаць чытаць іх у расійскім месенджары Max

16.02.2026 / 19:55

Nashaniva.com

Пасля таго як у Расіі перайшлі да чарговага этапу блакіроўкі Telegram і YouTube, некаторыя беларускія прапагандысцкія СМІ пачалі актыўна прасоўваць свае каналы ў Max.

Рэкламаваць свае каналы ў расійскім месенджары некаторыя дзяржСМІ пачалі з 10 лютага.

Скрыншот: тэлеграм-канал @sbbytoday

Адно з іх — «SB.BY Беларусь сегодня». Адметна, што аўдыторыя з'яўленне новага канала ўспрыняла не вельмі пазітыўна. Сярод нешматлікіх рэакцый — 6 смайлікаў, якія плачуць, і адзін, які лаецца.

Скрыншот: тэлеграм-канал @sbbytoday

І калі раней СБ пад допісамі заклікала падпісвацца непасрэдна на свой тэлеграм-канал, то цяпер — выключна на месенджар Max. 

Такі заклік цяпер публікуюць пад кожным допісам.

Аналагічныя паводзіны назіраюцца ў тэлеграм-канале СТБ.

Скрыншот: тэлеграм-канал @minskctvby

Праўда, СТБ, у адрозненне ад СБ, свой канал у Max прасоўвае не так агрэсіўна. Апроч заклікаў падпісацца ў Max, там працягваюць публікаваць допісы без заклікаў ці са спасылкай на YouTube.

Скрыншот: тэлеграм-канал @minskctvby

У тэлеграм-каналах АНТ і АТН (news.by) прасоўвання каналаў у Max прынамсі пакуль няма.

Паколькі афіцыйных заяў пра тое, што ў Беларусі збіраюцца ісці расійскім шляхам, не было, можна меркаваць, што асобныя беларускія прапагандысцкія СМІ ідуць у Max перш за ўсё дзеля таго, каб захаваць сваю расійскую аўдыторыю.

Чытайце таксама:

Расіяне запусцілі ў Беларусі дзіўны месенджар — рэгістрацыя па нумары тэлефона, а вось выдаліцца можна толькі калі дазволяць

Месенджар Max стаў самым папулярным у Беларусі? Лухта, і вось чаму

Каментары да артыкула