БЕЛ Ł РУС

Фільм «Господин Никто против Путина» абурае нават антываенных расіян. Долін патлумачыў чаму

16.02.2026 / 23:18

Вінцэсь Клепачэня

«Проста непрыемна глядзець на ўсё гэта. Непрыемна».

Кадр з фільма «Господин Никто против Путина»

Педагог-арганізатар школы № 1 ва ўральскім горадзе Карабаш Павел Таланкін цягам двух гадоў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны здымаў відэа пра жыццё навучальнай установы. У гэты час яму даводзілася фіксаваць не толькі адкрытыя ўрокі, выпускныя і конкурсы, але і «Размовы пра важнае», цырымоніі падняцця расійскага сцяга, сустрэчы з удзельнікамі вайны ды іншыя «патрыятычныя» мерапрыемствы.

Паводле яго слоў, каля 90 % знятага — гэта відэа для справаздач перад Міністэрствам адукацыі.

У чэрвені 2024 года Паўлу ўдалося выехаць з Расіі і забраць з сабой сем цвёрдых дыскаў з матэрыяламі. Разам з амерыканскім рэжысёрам Дэвідам Борайнштэйнам яны змантавалі фільм, які стаў з'явай. Стужка нават была намінаваная на «Оскар».

Былы настаўнік сцвярджае, што ні яго родныя, ні героі, паказаныя ў фільме, не падазравалі пра здымкі дакументальнай карціны. Пасля выхаду фільма на яго абрынулася крытыка — за тое, што без дазволу выкарыстаў у кадры дзяцей, а таксама з боку настаўнікаў.

«Ці з’яўляецца для вас гэта маральнай дылемай — здымаць людзей, якія апынуліся ў фільме, не ведаючы, што яны стануць яго героямі? Бо, па-першае, у кадры яны могуць выглядаць не так, як хацелі б, а па-другое, гэта можа стварыць для іх праблемы».

На гэтае пытанне ў інтэрв’ю нямецкаму ютуб-каналу «BILD на русском» адказаў кінакрытык Антон Долін.

Скрын відэа: bild_ru / YouTube

Кінакрытык заўважыў, што ў сучаснай Расіі праблемы могуць узнікнуць у каго заўгодна — незалежна ад таго, трапіў чалавек у фільм ці не, супраць вайны ён ці за, падтрымлівае ўладу ці не.

«Гэта крыху такая пякельная латарэя. Нешта кшталту «Гульні ў кальмара». Мне здаецца, да гэтай думкі ўжо ўсе прызвычаіліся. І таму ўсе баяцца».

Долін адзначыў, што прэм’ера фільма адбылася год таму, і калі б улады хацелі пакараць каго-небудзь з яго ўдзельнікаў (акрамя самога аўтара), то ўжо зрабілі б гэта.

«Калі б арыштавалі нейкага настаўніка ці, не дай бог, старшакласніка, мы б пра гэта даведаліся. Але галоўнае ў тым, што фільм ужо паказвае тое дрэннае, што з імі адбываецца. Напрыклад, гэтых учорашніх дзяцей, якія толькі скончылі школу, забіраюць на вайну. Адкуль многія з іх вяртаюцца ў цынкавых трунах. (…) Мне здаецца, гэта значна большая небяспека, чым тое, што пра цябе нехта здыме фільм», — заўважае кінакрытык.

Што да абвінавачванняў у тым, што людзей здымалі без дазволу і паказалі «не так, як яны думалі», Долін сцвярджае, што ў дакументальным кіно існуюць свае правілы:

«Тое, што здымаецца выключна з дазволу тых, каго здымаюць, і выкарыстоўваецца так, што ў іх ёсць права вырашаць, як гэта выкарыстоўваць, ну, як бы, рэдка называецца дакументальным кіно. (…)

Дакументалістыка — гэта, увогуле кажучы, часта здымкі, ну, як бы, пірацкім метадам. (…) Фільм «Господин Никто против Путина» абсалютна нічога не дадаў да больш як стогадовай традыцыі дакументалістыкі. Так робіцца дакументальнае кіно. І ўсё».

Чаму гучыць так шмат крытыкі на адрас фільма, у тым ліку з боку антываенна настроеных расіян?

Адказваючы на гэтае пытанне, Долін адзначыў, што прычына вельмі простая: «Проста непрыемна глядзець на ўсё гэта. Непрыемна. Асабліва людзям, якія жывуць у Расіі, незалежна ад поглядаў. Паказваецца нешта вельмі сорамнае, вельмі пачварнае, з чым гэтыя людзі, якім не падабаецца гэта відовішча і якім не падабаецца вайна, вымушаныя жыць».

Паводле яго, людзі часам або не ведаюць, што такое адбываецца, або — што яшчэ горш — ведаюць, але нічога не могуць зрабіць.

«Гэта вельмі сорамна, калі побач з табой адбываецца нешта жахлівае, і гэта не вайна, (…) а проста настаўнікі нейкі трэш убіваюць дзецям у галаву. Часта, асабліва калі ты жывеш не ў Маскве, ты з гэтым таксама нічога не можаш зрабіць. Нават калі гэта тваё дзіця. Але гэта вельмі сорамна».

Долін мяркуе, што менавіта гэты сорам і роспач многія «выплёскваюць на галаву» аўтара, які, у адрозненне ад іх, прыдумаў, што зрабіць.

«І каб не казаць яму, які ён малайчына, што ён прыдумаў і не пабаяўся нешта зрабіць, яны кажуць: «ён ніякі не малайчына, ён увогуле нягоднік, бо зрабіў нешта неэтычнае», — тлумачыць Долін.

Пры гэтым сам крытык падкрэслівае:

«Я не лічу, што хтосьці павінен саромецца і што хтосьці тут нягоднік.

Мне здаецца, што ўвогуле ў таталітарнай дзяржаве кожны выжывае як можа. І калі ты непасрэдна не ўдзельнічаеш у карных акцыях, то няма да цябе нейкіх маральных прэтэнзій. Ва ўсякім разе, у мяне. Але часам людзі судзяць сябе значна стражэй, чым хтосьці судзіць іх збоку».

Чытайце таксама:

Расійскі настаўнік на працягу двух гадоў таемна зняў дакументальны фільм аб прапагандзе ў школе

Расійскія настаўнікі на загад беларуса спалілі джынсы, партрэты нобелеўскіх лаўрэатаў і дыскі з Windows

Па загадзе беларуса ў расійскіх школах выраблялі шапачкі з фольгі для абароны ад НАТА

Каментары да артыкула