У Расіі гарыць НПЗ у Краснадарскім краі. У Севастопалі атаку дронаў назвалі «самай працяглай» за апошні час
У ноч на 17 лютага адбылася маштабная атака беспілотнікаў на РФ. У Краснадарскім краі пасля начной атакі гарыць Ільскі НПЗ.
У Краснадарскім краі атакаваны і гарыць Ільскі НПЗ, паведамлялі ноччу мясцовыя жыхары. Мясцовыя ўлады пацвердзілі, што асноўны ўдар прыйшоўся на Ільскі НПЗ, дзе пачаўся моцны пажар. Таксама паведамляецца пра пашкоджанне лакаматыўнага дэпо.
Паралельна з гэтым у Севастопалі атаку назвалі адной з «самых працяглых нападаў УСУ за апошні час».
«Усю ноч сілы СПА і нашага Чарнаморскага флоту адбівалі атаку УСУ. Гэта быў адзін з самых працяглых нападаў на Севастопаль за апошні час. У агульнай складанасці збіта больш за 24 БПЛА», — паведамілі мясцовыя ўлады.
Расійскае Мінабароны заявіла пра знішчэнне больш чым паўсотні беспілотнікаў над Крымам, акваторыямі Чорнага і Азоўскага мораў, а таксама над Калужскай, Бранскай і Курскай абласцямі.