БЕЛ Ł РУС

Якія новыя святы варта ўнесці ў каляндар Беларусі і чаму не трэба асуджаць усё савецкае? Тлумачыць гісторык Цімох Акудовіч

17.02.2026 / 15:18

Вінцэсь Клепачэня

У інтэрв’ю «Радыё Свабода» гісторык Цімох Акудовіч тлумачыць, чаму Трэці Статут ВКЛ важнейшы за пачатак кнігадрукавання на беларускай мове і які помнік варта стварыць.

Гісторык Цімох Акудовіч. Фота: facebook.com / cimafiej.akudovich

Адной з тэм гутаркі стала фарміраванне святочнага календара новай Беларусі як падмурка для нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Калі казаць пра сапраўднае нараджэнне нацыі і абуджэнне дзяржаўнасці, Цімох Акудовіч раіць звярнуць увагу на 28 студзеня — дзень, калі нашы продкі зацвердзілі Трэці Статут ВКЛ.

«Мне падаецца, што калі мы кажам пра пазітыўныя прыклады, тое, што варта было б святкаваць, — гэта гэту дату. Гэта вялізны поспех. Статут ВКЛ у нас пратрымаўся шмат стагоддзяў. Другая рэдакцыя Статута ВКЛ стала базавым законам на шмат стагоддзяў для Украіны. Яго прызналі па ўсёй Еўропе. То-бок гэта з усіх пазіцый вялізны, грунтоўны поспех», — тлумачыць гісторык.

Як даводзіць Акудовіч, такое свята «заслужанае і больш важнае» за Дзень беларускага кнігадрукавання, якое адзначаецца цяпер і прывязана да постаці Францыска Скарыны.

Як тлумачыць Акудовіч, пачатак кнігадрукавання на беларускай мове — падзея, аднак «не зусім ясна, які эфект быў на месцы». Цяпер мы разумеем яе веліч, але ў тыя часы «не так шмат хто, можа, зразумеў».

Што тычыцца падзей, звязаных з перамогамі ў бітвах, то Акудовіч не бярэцца іх назваць. Перамога і ў Грунвальдскай бітве, і ў бітве пад Оршай атрыманы беларусамі сумесна з іншымі.

Праблема палягае ў значнай аддаленасці тых падзей у часе. Гісторык мяркуе, што спробы спрасціць мінулае, ігнаруючы нюансы дзеля сцвярджэння ўласных перамог, выглядаюць як самаапраўданне.

Як тлумачыць гісторык, гэта выклікана тым, што ў ХХ стагоддзі ў Беларусі не сфарміравалася цэласная нацыянальная мілітарная гісторыя. Нягледзячы на гераізм беларусаў у шэрагах розных войскаў, уласнага адзінага вайсковага эпасу не ўзнікла. Менавіта таму, каб кампенсаваць гэты недахоп сучаснасці, грамадства спрабуе адшукаць падставы для вайсковага гонару ў падзеях мінулых стагоддзяў.

У чым феномен Магілёўскага паўстання?

Тым не менш, калі шукаць у гісторыі прыклады паспяховай самаарганізацыі і нараджэння ўласнага мілітарнага міфа, Цімох Акудовіч раіць звярнуць увагу на феномен Магілёўскага паўстання 1661 года.

Сцэнар не быў адназначна гераічным: спачатку магілёўцы, кіруючыся прагматызмам, самі ўпусцілі маскоўскія войскі, каб пазбегнуць знішчэння горада. Аднак пазней, усвядоміўшы памылковасць гэтага рашэння, гараджане ўласнымі сіламі выбілі акупантаў.

«Для мяне гэта якраз гісторыя пра моцную супольнасць на месцы, якая сама прымае рашэнні і прымае рызыкі для сябе. Мне падаецца, гэта тое, пра што беларусам зараз актыўна трэба думаць і разважаць. Пра меншыя супольнасці, лакальныя, але моцныя, дастаткова моцныя для таго, каб супрацьстаяць вялікім пагрозам. І гэтыя супольнасці мусяць браць на сябе адказнасць і за такія рашэнні, і за гэткія», — адзначае гісторык.

Акудовіч нагадвае, што ў выніку той рызыкоўнай стратэгіі Магілёў выйшаў пераможцам: горад пацярпеў менш за іншыя і застаўся адным з найбуйнейшых у ВКЛ. А галоўнае — гараджане атрымалі ўнікальны герб, які адлюстроўвае гэты поспех, і стварылі сваю ўласную мілітарызаваную легенду, якая стала магчымай дзякуючы моцнай, багатай і згуртаванай супольнасці.

Ці варта беларусам асуджаць усё савецкае?

Акудовіч лічыць, што ў беларускай гісторыі немагчыма правесці выразную рысу паміж дабром і злом, асабліва калі гаворка ідзе пра савецкі перыяд.

Таму гісторык прапануе ацэньваць мінулае на двух узроўнях:

«Першы паверх — чалавечай гісторыі, канкрэтных чалавечых лёсаў. І там ты ацэньваеш, па-першае, жаданне чалавека быць карысным Беларусі, па-другое, ягоныя маральныя выбары. Гэта ўсё ацэньваецца нармальна. Як бы ўсё неадназначна, але гэта зразумелыя маркеры.

І ёсць другі ўзровень — узровень дзяржаўнасці. То-бок наколькі тыя ці іншыя дзеянні людзей ці супольнасцяў спрыялі захаванню дзяржаўнасці і адпаведна культуры тутэйшага народа. Там таксама ўсё неадназначна, але мераеш па гэтых двух прынцыпах. І таму адзінай рысы «ўсе камуністы — зло, ці ўсе камуністы — дабро» не складваецца».

Гэтая складанасць ацэнкі, як даводзіць Акудовіч, тычыцца і партызан:

«Мы не можам усіх партызанаў запісаць у злачынцы, ну і зрабіць з партызанаў абсалютнае нейкае дабро таксама не можам. Гэта часта замінае, гэта часта мінус вялікі, бо гэта пастаянны разбор сітуацыйны, ён шмат сілаў траціць, відавочна. Але, можа, у гэтым ёсць нейкі і плюс, бо гэта вяртанне да чалавечнасці».

Як быць з гісторыямі пра беларусаў, якія былі лаяльныя нацыстам?

А як быць з тымі, хто падчас Другой сусветнай вайны апынуўся па іншы бок і супрацоўнічаў з нямецкай адміністрацыяй, мяркуючы, што такім чынам служыць Беларусі?

Акудовіч заўважае, што лёс гэтых людзей яму нагадвае лёс сённяшніх беларускіх чыноўнікаў, «якія быццам бы за Беларусь, але вымушаны падпісваць паперкі ўсякія, якія відавочна вядуць да злачынстваў. Але яны там сядзяць і думаюць: ну гэта ж на карысць дзяржаве».

У якасці шляху да асэнсавання складанасці гісторыі Акудовіч прыводзіць прыклад прататыпу абраза, які намаляваў Андрэй Строцаў. На ім мастак паставіў побач фігуры рэлігійных апанентаў, якія загінулі за сваю веру: каталіка Андрэя Баболі, уніята Язафата Кунцэвіча і праваслаўнага Афанасія Філіповіча.

«Усе святыя, якія загінулі прыблізна ў адзін час за сваю веру ў першай палове — сярэдзіне XVII стагоддзя. І яны ўсе ў іншую веру цягнулі тутэйшых беларусаў. Але мне вельмі спадабалася ідэя, што іх можна разам паставіць на адзін абраз як пакутнікаў, якія былі ворагамі, але ім важна было прынесці дабро тутэйшаму народу, але кожны па-рознаму гэта разумеў», — даводзіць Акудовіч.

Гісторык лічыць, што варта стварыць умоўны помнік, дзе побач сядзелі б былыя ворагі: партызан дзед Талаш і генерал Булак-Балаховіч, савецкі кіраўнік Пятро Машэраў і калабарацыяніст Вацлаў Іваноўскі. Гэта, паводле Акудовіча, прадэманстравала б усю складанасць беларускага лёсу.

«І хай людзі спрачаюцца, хай людзі даказваюць», — дадае гісторык.

Акудовіч падкрэслівае, што грамадства баіцца закранаць тэму супрацоўніцтва з нацыстамі, успрымаючы яе як нешта выключна «бруднае». Аднак за гэтым стаяць рэальныя чалавечыя лёсы і стратэгіі выжывання.

У якасці прыкладу ён прыводзіць гісторыю Мікалая Гусева — аўтара праекта сцяга БССР 1951 года, які падчас акупацыі дзеля выжывання сям'і быў вымушаны маляваць партрэты нямецкіх афіцэраў і Гітлера.

На думку гісторыка, галоўны фільтр у ацэнцы такіх падзей — гэта маральнасць і адсутнасць злачынстваў супраць чалавечнасці. Бясконцае пакаранне і праклён не даюць адказу на галоўнае пытанне: чаму так адбылося?

Акудовіч упэўнены: калі мы не зразумеем прычын мінулых памылак, мы рызыкуем іх паўтарыць, што і адбываецца з часткай сучаснага грамадства. Гісторыю трэба спрашчаць для масавага ўспрыняцця, але не шляхам прымітыўнага падзелу на «сваіх» і «чужых», а праз стварэнне вобразаў, якія тлумачаць складанасць і трагічнасць беларускага шляху.

«Метафара пасадзіць на адну лавачку ворагаў ХХ стагоддзя беларусаў і паглядзець на іх супольна — гэта не суперскладаная метафара. Яна зразумелая, мне падаецца. Яна правакатыўная, але яна досыць зразумелая, і можна паспрабаваць гэтым шляхам пайсці», — упэўнены Акудовіч.

Чытайце таксама:

«Трэба раздзяліць адукацыю і беларусізацыю». Нечаканая прапанова гісторыка Цімоха Акудовіча

Нам трэба лідар-атаман? Гісторык Цімох Акудовіч — пра стратэгію выжывання беларусаў і што рабіць з Расіяй

«Самая вялікая каштоўнасць, якую трэба вярнуць у Беларусь, — гэта людзі» — Акудовіч

Каментары да артыкула