Грамадства1717

30 гадоў таму прайшоў рэферэндум, пасля якога замянілі Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг

14 мая 1995 года, 30 гадоў таму, у Беларусі прайшоў першы рэферэндум. Пасля яго руская мова набыла статус дзяржаўнай і памянялася дзяржаўная сімволіка. Герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг прыбралі, а замест іх сталі чырвона-зялёны сцяг і герб з вянком з калосся. Згадваем гісторыю гэтых сімвалаў.

19 верасня 1991 года закон зацвердзіў дзяржаўныя сімвалы незалежнай Беларусі. Імі сталі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Гэта стала лагічнай дэманстрацыяй пераемнасці паміж новай краінай, Беларускай Народнай Рэспублікай і Вялікім Княствам Літоўскім. 

Стваральнікі нацыянальных сімвалаў добра вядомыя. Праект сцяга з’явіўся яшчэ ў пачатку 20-га стагоддзя. У першай палове 1917 года студэнт Пецярбургскага горнага інстытута і дзеяч нацыянальнага адраджэння Клаўдзій Дуж-Душэўскі зрабіў некалькі праектаў нацыянальнага штандара, сярод якіх быў і бел-чырвона-белы, бо стужкі такіх колераў выкарыстоўвалі беларускія вайскоўцы ў расійскай арміі.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Фота: Wikimedia Commons

Ужо ў снежні таго ж года менавіта такую расфарбоўку зацвердзіў Усебеларускі з’езд, а ў сакавіку 1918-га БЧБ-сцяг стаў дзяржаўным сімвалам Беларускай Народнай Рэспублікі. Але ўсё магло выглядаць крыху інакш. 

Адзін з дзеячаў нацыянальнага руху, архітэктар Лявон Дубейкаўскі, яшчэ да Дуж-Душэўскага зрабіў свой эскіз на аснове традыцыйных агульнаславянскіх колераў: белага, чырвонага, і сіняга. Што сімвалізавалі гарызантальныя палосы, аўтар у сваіх запісах не растлумачыў. І падобна, пра малюнак ведала зусім мала людзей.

Першы варыянт праекта беларускага нацыянальнага сцяга Л. Дубейкаўскага 1916 года. Фота НАРБ

Напярэдадні Усебеларускага з’езду Дубейкаўскі прадставіў яшчэ адзін праект. Колерамі ён быў падобны да папярэдняга, але ў астатніх элементах істотна адрозніваўся — сіняя паласа засталася толькі адна, а чырвоная стала куды вузейшай. У выніку дэлегаты, сярод якіх было шмат вайскоўцаў, аддалі перавагу больш звыкламу спалучэнню колераў.

Другі варыянт беларускага нацыянальнага сцяга Л. Дубейкаўскага. 1917 год. Фота БДАМЛіМ

Эталонную «Пагоню» распрацавалі мастакі Яўген Кулік, Уладзімір Крукоўскі і Леў Талбузін у 1991 годзе. Каб адрозніць айчынны герб ад падобнага літоўскага, аўтары памясцілі на шчыце вершніка крыж Еўфрасінні Полацкай, адвечны беларускі сімвал. 

Так выглядалі амапаўцы 1990-х. Фота з архіва «Нашай Нівы»

Але ж у 90-х, як і за 70 гадоў да таго, бел-чырвона-беламу сцягу не ўдалося доўга прабыць дзяржаўным. Аляксандр Лукашэнка амаль адразу пасля абрання на першы тэрмін прэзідэнтцва ініцыяваў рэферэндум, сярод пытанняў якога была і замена сімволікі.

Гэта матывавалася тым, што падчас нямецкай акупацыі бел-чырвона-белай сімволікай карысталіся калабаранты, таму яна нібыта выклікае масавае непрыняцце ў насельніцтва, сярод якога было шмат ветэранаў.

У распальванні нянавісці да нацыянальных сімвалаў вялікую ролю сыграў фільм «Нянавісць. Дзеці хлусні», які зняў Юрый Азаронак, член чарнасоценнай партыі і бацька адыёзнага прапагандыста Рыгора Азаронка. Аўтар відэа мяшаў кадры мітынгаў апазіцыі з хронікай нямецкай акупацыі. 

Бел-чырвона-белыя сцягі на вуліцах Мінску ў час акупацыі

З улікам таго, што фільм Азаронка круцілі па расійскім тэлеканале ОРТ, які быў у той час самым папулярным у Беларусі, канечны бенефіцыяр гэтага паксвіля быў зразумелы. Таксама адзначым — у 90-я Расія зрабіла сваім дзяржаўным сцягам бела-сіне-чырвоны трыкалор, пад якім ваявалі фармаванні на баку Гітлера.

Але гэта не хвалявала ні Лукашэнку, ні беларускіх ветэранаў, ні прапагандыстаў. Дарэчы, за сваю працу Юрый Азаронак тады атрымаў у твар ад Мікалая Статкевіча, а пасля звярнуўся ў суд. Праўда, часы былі зусім іншыя, і Статкевічу прысудзілі толькі штраф. 

Юрый Азаронак (злева) і Мікалай Статкевіч

Быў і яшчэ адзін судовы працэс, які прызнаў, што Азаронак стварыў у сваім фільме хлуслівы вобраз Зянона Пазняка. Прапагандысту давялося публічна выбачацца. 

Газета «Свабода». 23 верасня 1995 года

Тым не менш, у выніку рэферэндуму дзяржаўная сімволіка змянілася на чырвона-зялёную. Паплечнікі Лукашэнкі асабіста знялі з флагштока Дома Урада бел-чырвона-белы сцяг, парвалі яго і на кавалках пакінулі свае аўтографы. У той жа дзень дэмантавалі і Пагоню, замест яе яшчэ доўгі час вісеў герб БССР.

Да 2020 года ў лукашэнкаўцаў было даволі стрыманае стаўленне да нацыянальных сімвалаў — яны не віталі іх выкарыстанне, але людзей за гэта асабліва не каралі. Доўгі час БЧБ-сцяг вісеў у цэнтры Мінска на ўправе БНФ побач з Акадэміяй міліцыі, таксама яго можна было купіць у сувенірных крамах. Усё змянілася ў 2020-м, і Лукашэнка загаварыў языком Азаронка, толькі на гэты раз малодшага:

«Як мы маглі пакланяцца БЧБ сцягам і іншым? Як, калі на гэтых сцягах кроў кожнага трэцяга беларуса. І тыя, хто гэта ведае, разумее, і хто перажыў, яшчэ не памерлі. Яны жывыя. Як мы маглі пайсці на тое, каб даць права нашым людзям, заклікаць іх пакланяцца той сімволіцы?» 

Але ж якім сімвалам ён прапанаваў пакланяцца ў 1995 годзе? Мала хто ведае, але перад рэферэндумам Лукашэнка прапаноўваў свой варыянт новага сцяга: таксама чырвона-зялёны, але зусім не такі, які мы бачым цяпер.

Аляксандр Лукашэнка на фоне першага варыянту сцяга. Калаж: Наша Ніва

Праект Лукашэнкі ўяўляў сабой палотнішча з трыма палосамі — шырокай чырвонай ў цэнтры і дзвюма зялёнымі па баках. Тое, што гэта выглядала пачварна, падобна, улады даволі хутка зразумелі, таму прадставілі і новы варыянт — гэта быў крыху зменены сцяг Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, з якога прыбралі серп з молатам ды зоркай, а таксама змянілі колер арнамента. 

Лукашэнка на шаснаццатай сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання прапануе свой варыянт дзяржаўнай сімволікі. Фота: газета «Свабода»

Як стваралі сцяг БССР

Гісторыя стварэння гэтага сімвала, а таксама яго аўтары таксама добра вядомыя. Пасля таго, як БССР стала адной з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяй, было прынятае рашэнне замяніць ейны сцяг, бо ён амаль не адрозніваўся ад чырвонага палотнішча Савецкага Саюза.

Акадэміі навук паставілі задачу прыдумаць новы сімвал, каб той падкрэсліваў адначасова і нацыянальныя асаблівасці, і ідэю саюзнай савецкай дзяржавы. У выніку ён атрымаўся з сацыялістычнымі сімваламі і белым арнаментам унутры чырвонай вертыкальнай паласы.

Гэты праект у 1951 годзе стварыў мастак Мікалай Гусеў, а арнамент быў знойдзены на Віцебшчыне этнографам Міхаілам Кацарам. 

Гусеў паходзіў з Уладзімірскай губерніі Расіі, але пасля войска застаўся ў Беларусі і стаў працаваць у Палітэхнічным інстытуце. Калі пачалася Другая сусветная вайна, а пасля і акупацыя, мастак так і не з’ехаў з Мінска.

Каб утрымліваць хворую жонку і дваіх малых дзяцей, Гусеў стаў супрацоўнічаць з акупацыйнай нямецкай уладай. Ён маляваў на замову партрэты, прычым сярод ягоных прац ёсць і вялізная выява Адольфа Гітлера, зробленая да першамайскай дэманстрацыі.

Асабістыя дакументы Мікалая Гусева. Фота: BelVestnik

Пасля вайны мастака на некаторы час арыштоўвалі за супрацу з нацыстамі, але даволі хутка Гусеў вярнуўся да працы і, як бачна, атрымаў вельмі адказную задачу.

Тут дыяметральна супрацьлеглай выглядае драматычная біяграфія аўтара БЧБ-сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Разам з сям’ёй архітэктар жыў у літоўскім Коўне і трапіў у турму, калі балтыйскую краіну ў 1940 годзе акупавалі бальшавікі. З наступленнем нацыстаў Дуж-Душэўскаму ўдалося ўцячы з-пад варты.

Інжынер Клаўдзій Дуж-Душэўскі і ягоныя асноўныя пабудовы ў Коўне

Але ж на волі ён прабыў нядоўга: Дуж-Душэўскія хавалі габрэяў, за што у 1943-м іх адправілі ў канцлагер ужо немцы. Пасля вайны усё паўтарылася: нядоўгая воля і зноў турма. Архітэктара арыштавалі савецкія ўлады і асудзілі на 25 гадоў.

Здымкі з асабістай справы асуджанага Клаўдзія Дуж-Душэўскага

Пасля тэрмін зменшылі да 10. Клаўдзій Дуж-Душэўскі выйшаў на волю моцна хворым пасля смерці Сталіна і неўзабаве памёр. 

Гісторыя з арнаментам

З арнаментам на чырвона-зялёным сцягу гісторыя таксама даволі займальная. Афіцыйна сцвярджаецца, што яго, яшчэ ў 1917 годзе, выткала на рушніку простая сялянка Матрона Маркевіч з Сенненскага раёна і назвала такі ўзор «ўзыходзячае сонца». А пасля, у 1951-м, той арнамент і прапанаваў дадаць на сцяг савецкі этнограф Міхаіл Кацар.

Міхаіл Кацар. Фота: svaboda.org

Гэта прынята ўспрымаць на веру, а ў райцэнтры на Віцебшчыне нават паставілі памятны знак у гонар дасягнення мясцовай майстрыхі. Але ж не ўсё так проста.

Памятны знак «Родны край» у гонар Матроны Маркевіч у Сянне. Фота: depositphotos.com

Маркевіч сапраўды была здатнай ткачыхай. А яшчэ яна даводзілася роднай сястрой таму самаму этнографу Кацару. І ёсць падставы лічыць, што жанчына, нягледзячы на ўсё сваё ўмельства, да арнаменту на сцягу дачынення ўвогуле не мела. Але ў чым тады сэнс падмены?

Малюнак арнаменту ў рукапісе прафесара Міхаіла Кацара

У часы сталінскага тэрору мужа Матроны Маркевіч Аляксея расстралялі як кулака. Выглядае, што ейны брат хацеў застрахаваць сям’ю ад далейшых рэпрэсій — у выпадку чаго аўтарку арнаменту на сцягу не павінны былі чапаць.

Матрона і Аляксей Маркевічы. Фота: svaboda.org

Міхаіл Кацар зрабіў гэта даволі далікатна: калегі не ведалі, што Маркевіч — ягоная сястра, а сваякі майстрыхі не ведалі, што яе аўтарства прыпісалі чужому ўзору. Наогул шырока вядомым імя ткачыхі стала толькі ў 90-я, ужо пасля яе смерці.

Але чаму яна не магла сапраўды быць аўтаркай арнаменту? Рэч у тым, што ўзоры мелі выразныя лакальныя асаблівасці. І «дзяржаўны» арнамент уласцівы зусім іншым рэгіёнам: нешта падобнае знаходзілі на тканых вырабах у Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Ды і называліся яны куды прасцей — кручча ці лапа. А сярод прац Маркевіч няма нічога падобнага да «ўзыходзячага сонца». 

Узор ручніка, вытканага ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна. Народныя назвы кручча, лапа, лапа кучаравая. Фота: vetkamuseum.by

Выглядае, што найбольш аўтарытэтны на той час навуковец скарыстаўся даверам для сябе і зладзіў вельмі тонкую містыфікацыю. 

Дэкамунізаваны герб

З дзяржаўным гербам таксама, як кажуць, не ўсё адназначна. Ён таксама выглядае не так, як хацеў Лукашэнка ў 1995-м. Першапачаткова праект Лукашэнкі выглядаў дэкамунізаваным гербам БССР, з якога знялі серп, молат і чырвоную зорку.

Герб БССР у 1981-1991 гадах (злева) і праект, прапанаваны Аляксандрам Лукашэнкам. Фота: Wikimedia Commons

Геральдысты прапанавалі нешта дадаць да вянка, бо, па іх меркаванні, ён выглядаў пустым. Таму на выяву вярнулі чырвоную зорку, толькі яна замест Чырвонай Арміі стала сімвалізаваць беларускую, а сонечныя промні сталі асвятляць не пустэчу, а контуры дзяржаўнай граніцы. 

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь ў 1995-2012 гадах. Фота: Wikimedia Commons

Дарэчы, на першай версіі герба стваральнікі зрабілі батанічную памылку. Кветкі льну яны намалявалі з шасцю пялёсткамі замест пяці. Гэтую недарэчнасць выправілі толькі праз дзесяць гадоў. А наогул гэты дзяржаўны сімвал за амаль трыццаць гадоў зазнаў дзве рэдактуры. Змяніўся шрыфт надпісу «Рэспубліка Беларусь», а таксама адценні колераў і абрысаў граніц.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь ў 2012-2012 гадах (злева) і сучасны. Фота: Wikimedia Commons

Фальсіфікацыі з гімнам

Варта згадаць і пра яшчэ адзін дзяржаўны сімвал — гімн. І тут не абышлося без дзівосаў ды любімай забавы лукашэнкаўцаў — фальсіфікацый. 

Больш за дзесяць гадоў у незалежнай Беларусі не было тэкста гімна. У спадчыну ад БССР засталася мелодыя Нестара Сакалоўскага, з якой прыбралі радкі Міхася Клімковіча, у якіх праслаўлялі братнюю Русь, Леніна і партыю.

У 2002 годзе ўлады вырашалі правесці конкурс на стварэнне новага дзяржаўнага сімвала. Адмысловая камісія прадставіла пяць фіналістаў. Гэта былі тры розныя варыянты тэксту на класічную мелодыю, вядомая з савецкіх часоў песня «Радзіма мая дарагая», а таксама кампазіцыя «Красуй, Беларусь!» Васіля Раінчыка і Леаніда Пранчака.

Дарэчы, апошняя спачатку называлася «Жыве Беларусь» і мела крыху іншы тэкст. 

Апазіцыя спрабавала адправіць на разгляд камісіі духоўны гімн «Магутны Божа», але той у фінал не прапусцілі. Каб вызначыць пераможцу, зладзілі выбары. Усе варыянты некалькі дзён круцілі па тэлебачанні і радыё, а людзям трэба было галасаваць па тэлефоне, лістамі ці тэлеграмамі.

У выніку камісія рэкамендавала да зацвярджэння мелодыю Сакалоўскага з тэкстам паэта Уладзіміра Карызны, які перапрацаваў тэкст гімна БССР. Але тут ёсць нюанс — гэты варыянт падчас агульнага галасавання заняў толькі трэцяе месца, але ў выніку аказаўся пераможцам. Як так? 

Усё банальна: камісія сплюсавала ўсе галасы за старую мелодыю, што вывела яе ў лідары. А пасля з трох тэкстаў абралі той, які нібыта найлепш пасуе гербу і сцягу. 

Перамагла ж па выніках народнага галасавання тая самая песня «Красуй, Беларусь!». Яе, дарэчы, можна пачуць і дагэтуль падчас дзяржаўных мерапрыемстваў. 

Некалькі гадоў таму Аляксандр Лукашэнка выдаў яшчэ адну тэорыю, чаму ён пайшоў на змену сімволікі. І гэта тлумачэнне шмат кажа пра яго ўнутраны свет:

«Сімвалы — сцяг і герб — павінны рабіць адметнай дзяржаву ад іншых дзяржаў. Яны павінны адрозніваць нас з вамі ад іншых. Які быў прапанаваны герб? «Пагоня». Вам не нагадвае гэты герб чыйсьці герб іншай краіны? А мне нагадвае! Нам быў прапанаваны сцяг. Дадай яшчэ адну палоску — і мы запазычвалі суседняй краіны сцяг. Дык няўжо ў нас не было сваёй гісторыі? Няўжо мы хацелі падагнаць сваю гісторыю, сваю краіну пад Літву або Польшчу?»

У прынцыпе тут нічога дзіўнага. Усе 30 гадоў сваёй улады Лукашэнка кашмарыць беларусаў заходнімі суседкамі, а супольная гісторыя — гэта прадмет унутранага дыскамфорту для аматара Cавецкага Cаюза. Тым не менш і ў пытаннях унікальнасці дзяржаўнай сімволікі ён не мае рацыі.

Так, цяпер сапраўды сцяг Беларусі не падобны да польскага. Але ён падобны да сімвалаў Мадагаскара, Чачні і Прыднястроўя.

Сцягі Мадагаскара (злева), Чачні (справа), Прыднястроўя (ўнізе). Фота: Wikimedia Commons

Герб жа таксама не ўнікальны — вянок з’яўляецца сімвалам Узбекістана, Таджыкістана і нават Паўночнай Карэі. 

Злева направа: гербы Узбекістана, Таджыкістана і Паўночнай Карэі. Фота: Wikimedia Commons

Таксама лукашэнкаўцы любяць пафасна сцвярджаць, што пад цяперашнімі сімваламі беларусы пралівалі кроў і што чырвоная паласа сімвалізуе менавіта гэта. Гэта праўда, але частковая і нязручная. Сцяг БССР быў прыняты толькі ў 1951 годзе, ужо пасля Другой сусветнай.

Але кроў беларусаў сапраўды пралівалася, толькі пачалося гэта не так даўно — летам 2020-га, калі чырвона-зялёны сцяг стаў лунаць над кожным аўтазакам.

А вось што тычыцца ваенных злачынстваў, здзейсненых пад бел-чырвона-белай сімволікай, то дагэтуль ніводнага візуальнага доказу гэтаму так прадстаўлена і не было. І любыя спробы ачарніць сапраўдныя нацыянальныя сімвалы прыводзяць толькі да адваротнага эфекту.

Каментары17

  • Ранішні марціні
    14.05.2025
    Помніцца, як саўкі табунамі беглі на выбарчыя ўчасткі мяняць сімволіку. Вельмі ўжо назад у стойла хацелася!
  • Кот у мяшку
    14.05.2025
    Добра памятаю той рэфэрэндум. На конт мовы ў мяне сумненьняў няма, бо учорашні дэнацыяналізаваны савок інакш прагаласаваць і ня мог. А вось па сымболіцы, можна з упэўненасьцю сказаць, што не бало волевыяўленьня бальшыні насельніцтва (не удзельнікаў галасаваньня), каб зьмяніць сымболіку. Апроч таго, пытаньне было сфармулявана так, што многія выбарцы (і я асабіста такіх ведаў) прызнаваліся, што галасавалі за "новую" сымболіку, думаючы, што гэта сапраўды новая, нядаўна прынятая, а не тая бэсэсараўская, якую выдалі за новую. Адбылося чарговае цыганскае махлярства...
  • Мы - беларусы
    14.05.2025
    Мы - беларусы.
    Наша мова - беларуская.
    Наша дзяржава - Беларусь.
    Наш Сцяг - бел-чырвона-белы.
    Наш Герб - Пагоня.

Цяпер чытаюць

Слова «Унаватуна» значыць «рай». Дзе на Шры-Ланцы адпачывала Мельнікава13

Слова «Унаватуна» значыць «рай». Дзе на Шры-Ланцы адпачывала Мельнікава

Усе навіны →
Усе навіны

На Канскім фестывалі забаранілі «голыя» сукенкі2

Кобрынскі блогер паказаў, як вырабляюцца легендарныя «Мясныя падушачкі»9

У беларуса, што некалькі дзён таму з пагоняй затрымлівалі ў цэнтры Варшавы, знайшлі кілаграмы наркотыкаў9

«Эканамічная газета» спыніла існаванне3

Маладых мазырскіх скінхэдаў з «Духа Русі» будуць судзіць за «прапаганду тэрарызму»8

ПВК «Вагнер» могуць з Афрыкі перавесці ў Беларусь10

Дорага і з гнільцой: што робіцца з бульбай у крамах пасля праверак2

Фальсіфікацыі ў даследаваннях хваробы Альцгеймера. Як вынікі прывялі не туды20

На МКАД можа з’явіцца чацвёртая паласа — для ціхаходнага транспарту і спецтэхнікі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Слова «Унаватуна» значыць «рай». Дзе на Шры-Ланцы адпачывала Мельнікава13

Слова «Унаватуна» значыць «рай». Дзе на Шры-Ланцы адпачывала Мельнікава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць