Стала вядома, які прысуд вынеслі палітвязню Максіму Сямітку
Стала вядома, які прысуд вынеслі 31‑гадоваму жыхару Калінкавічаў Максіму Сямітку, пра якога мы пісалі раней.
Максім Сямітка. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Рашэнне прыняў Віцебскі абласны суд, прызнаўшы яго вінаватым у нібыта «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса. Напрыканцы студзеня прысуд уступіў у законную сілу, а Міністэрства ўнутраных спраў уключыла Сямітку ў пералік асоб, нібыта датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці».
Праваабаронцы «Гомельскай Вясны» высветлілі, што Максіма Сямітку прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Дакладнае месца яго ўтрымання пакуль невядомае.
Мяркуецца, што пераслед можа быць звязаны са справай тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», які займаўся маніторынгам перамяшчэнняў расійскіх войскаў у Беларусі перад і падчас вайны супраць Украіны. Максіма Сямітку затрымалі амаль год таму, неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра ўзлом тэлеграм-канала.
Максім Сямітка нарадзіўся 8 студзеня 1995 года. Родам ён з Гомельшчыны — вучыўся ў школе №2 у Нароўлі, пазней жыў у Мазыры і Калінкавічах.
Падчас набору ў армію Сямітка трапіў у элітнае падраздзяленне — роту ганаровай варты, якая ўдзельнічае ва ўрачыстых мерапрыемствах дзяржаўнага ўзроўню. Туды бяруць толькі хлопцаў высокага росту з правільнымі рысамі твару. Мяркуючы па сацсетках, Максім пайшоў на дэмбель у 2016 годзе.
Пасля войска Максім пайшоў працаваць у міліцыю. З ліпеня 2016 года ён служыў у Дэпартаменце аховы МУС. Сямітка быў міліцыянерам-кіроўцам у спецыяльным батальёне, служба якога звязана з аховай дыпламатычных прадстаўніцтваў. У 2019‑м даслужыўся да звання старшага сяржанта міліцыі.
Дакладна не вядома, дзе ён працаваў апошнім часам.