Папулярнага беларускага блогера ў Расіі абвінавацілі ў махлярстве
Некалькі дзясяткаў чалавек у Расіі абвінавацілі блогера Дзіму Ермузевіча, які паходзіць з Беларусі і тут пачынаў сваю дзейнасць, у махлярстве. Пра гэта паведаміў расійскі тэлеграм-канал «Осторожно, новости».
Дзіма Ермузевіч
Па словах пацярпелых, блогер прадаваў курс па фатаграфіі, прадстаўляючы яго як анлайн-універсітэт без наяўнасці афіцыйнай ліцэнзіі. Адна з расіянак расказала, што вучылася з кастрычніка па снежань 2025 года і заплаціла каля 85 тысяч расійскіх рублёў. Усяго на курсе было прыкладна 60 студэнтаў.
Падчас рэкламнага эфіру Ермузевіч, як сцвярджаюць вучні, заяўляў, што праект мае ліцэнзію і афіцыйны статус анлайн-ўніверсітэта. Паводле яго слоў, выпускнікам павінны былі выдаваць сертыфікаты і фактычна даваць прафесію, а праграма нібыта прайшла праверку.
Пазней гэты эфір быў выдалены. Замест абяцаных дакументаў студэнтам даслалі выявы сертыфікатаў, зробленыя ў графічным рэдактары. На іх, як адзначаюць пацярпелыя, не было ні пячаткі, ні подпісу, ні нумара ліцэнзіі.
У адказ на прэтэнзіі куратар курса паведаміў, што дзяржаўнай акрэдытацыі праграма не мае, а дакументы дзяржаўнага ўзору нібыта і не абяцаліся. Ермузевічу накіравалі дасудовую прэтэнзію, аднак у адказ было сказана, што паслугі насілі інфармацыйна-кансультацыйны характар, таму ліцэнзія не патрабуецца. Вяртаць грошы арганізатары адмовіліся.
Каля 20 чалавек ужо падалі скаргу ў Расспажыўнагляд і плануюць звярнуцца ў суд з калектыўным пазовам, а таксама ў пракуратуру.
Дзіма Ермузевіч нарадзіўся ў Гомелі ў 1998 годзе, тут скончыў музычную школу. Блогерскую кар’еру пачаў на YouTube у 2011 годзе, пасля чаго пераехаў у Мінск і вучыўся на рэжысёра. Цяпер ён вядомы як фатограф, аўтар шоу і музычных праектаў.
Чытайце таксама:
Блогер Павел Спірын выехаў у Літву
«У вас ёсць любімая песня?» Знаёмцеся з Максатам — самым вядомым стрыт-відэографам Мінска
Стала вядома, па якіх артыкулах судзілі блогера Максіма Шуканава