Пасля вяртання з Польшчы арыштавалі сузаснавальніцу стартапа GlobalTips. Ёй далі тры гады калоніі за дапамогу палітвязням
Алену Змушко схапілі восенню 2024 года. Дома яе чакаюць муж і васьмігадовы сын.
Алена Змушко. Фота з яе старонкі Укантакце
Гамяльчанцы Алене Змушко 39 гадоў.
У 2008‑м дзяўчына скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасці «Сістэмы перадачы і размеркавання інфармацыі».
Мяркуючы па сацсетках, ва ўніверсітэце яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам — ураджэнцам Нарыльска з беларускімі каранямі, які таксама вучыўся ў БелДУТ. У пары ёсць 8‑гадовы сын.
Кар'еру ў IT Алена пачала яшчэ ў 2008 годзе ў кампаніі Intervale, дзе з перапынкам працавала да 2020 года. Там яна вырасла з тэсціроўшчыка да кіраўніка тэхнічных праектаў, займалася мабільнымі платформамі для банкаў і аператараў сувязі. Калегі адгукаліся пра Алену як пра тактоўнага і самаарганізаванага супрацоўніка, які ўмее знайсці падыход да складаных заказчыкаў.
З 2013 па 2015 яна працавала ў гомельскай кампаніі Kwanza, у якой займалася распрацоўкай сістэмы продажу электронных білетаў.
Апошнія гады сям'я жыла ў Варшаве. Там у лютым 2021 года Алена стала сузаснавальніцай і вядучым бізнэс-аналітыкам стартапа GlobalTips, які дапамагае ўстановам перайсці ў «лічбу». Праз іх сэрвіс можна пакінуць безнаяўныя чаявыя афіцыянтам па QR-кодзе.
Алена Змушко. Фота з яе Linkedin
Вядома, што Алена перыядычна вярталася ў Беларусь. 13 лістапада 2024 жанчына ехала дадому разам з сынам, каб наведаць бацькоў. Але яе затрымалі і кінулі ў СІЗА.
Алену асудзілі ў Гродзенскім абласным судзе. 24 лістапада 2025 года ёй вынеслі прысуд паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) — тры гады калоніі. Нядаўна ён уступіў у сілу.
Па звестках праваабаронцаў, Алену абвінавацілі ў дапамозе палітвязням.
Зараз палітзняволеная знаходзіцца ў жаночай папраўчай калоніі №4.
Чытайце таксама:
Эканамістку з «Армтэка», якая перайшла ў IT і дапамагала бяздомным жывёлам, асудзілі па справе Гаюна
Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер