БЕЛ Ł РУС

У Польшчы хочуць ускладніць атрыманне карты паляка. Што памяняецца?

18.02.2026 / 19:58

Nashaniva.com

МЗС Польшчы хоча ўвесці плату за выдачу карты паляка і ліквідаваць магчымасць атрымання гэтага дакумента па хадайніцтве польскай арганізацыі. Гэта вынікае з праекта змяненняў у закон аб карце паляка. Новая рэдакцыя павінна быць прынята ўрадам у другім квартале 2026 года, піша Most.

Фота: Most

Карта паляка — дакумент, які сведчыць пра прыналежнасць да польскага народа. Яна палягчае легалізацыю ў Польшчы, а таксама дазваляе прэтэндаваць на матэрыяльную дапамогу і падатковыя льготы пры рэпатрыяцыі ў гэтую краіну.

Асноўнае запланаванае новаўвядзенне — у тым, што карту паляка можна будзе атрымаць толькі па польскіх каранях. МЗС хоча закрыць магчымасць падаваць у якасці доказу хадайніцтвы польскіх або дыяспарных арганізацый, якія сведчаць пра ўключанасць заяўніка ў іх дзейнасць на працягу не менш чым трох гадоў. Першапачаткова актывізм у сферы прасоўвання польскай мовы і культуры быў прадугледжаны як альтэрнатыва доказу польскага паходжання.

Ініцыятары законапраекта адзначаюць, што раней пры разглядзе заяў фіксаваліся выпадкі, калі дакладнасць пададзеных даведак выклікала сумневы. Акрамя таго, распрацоўшчыкі адзначаюць, што ў цяперашняй рэдакцыі закон дзейнічаў 17 гадоў, а гэтага было дастаткова, каб зацікаўленыя ў атрыманні карты паляка, якія не могуць пацвердзіць польскія карані, маглі хадайнічаць аб выдачы дакумента.

Таксама ў закон унясуць пункт, што калі грамадзянін Польшчы раней адмовіўся ад польскага грамадзянства, то ён губляе і права на карту паляка.

Яшчэ адно новаўвядзенне — змена пераліку правоў уладальнікаў карты паляка. Але ў папярэдне апублікаванай інфармацыі няма канкрэтыкі па гэтай норме.

Калі ўладальнік карты паляка рэпатрыюецца ў Польшчу і атрымлівае дазвол на пастаяннае пражыванне, то дапамогу, якая яму належыць, прапануецца выплачваць пасля выдачы ДНЖ аднаразова, а не на працягу дзевяці месяцаў.

Плануецца ўвесці збор за разгляд заявы аб выдачы карты паляка, падаўжэнне тэрміну яе дзеяння або выдачу новай карты ў сувязі са зменай даных. Распрацоўшчыкі нормы абгрунтоўваюць гэта працаёмкасцю працэсу: трэба прааналізаваць дакументы заяўніка, ацаніць яго веданне польскай мовы, традыцый і звычаяў.

Таксама плануецца пашырыць аб’ём даных, якія падаюць заяўнікі, каб палегчыць іх аналіз з пункту гледжання бяспекі.

«Ліквідуем успадкаваныя паталогіі»

Ускладненне ўмоў выдачы картаў паляка было прадугледжана міграцыйнай стратэгіяй, прынятай урадам Польшчы ў кастрычніку 2024 года, а таксама стратэгіяй супрацоўніцтва з палякамі за мяжой, прынятай у красавіку 2025 года.

У жніўні 2025 года, адказваючы на пытанне пра злоўжыванні пры выдачы карт паляка, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі напісаў:

«Праблема рэальная, і таму мы ўжо працуем над унясеннем паправак у закон. Мы ліквідуем успадкаваныя паталогіі ў міграцыйнай палітыцы».

Чытайце таксама:

«Не хачу чуць «спердаляй да Украіны» толькі таму, што размаўляю з бацькамі па тэлефоне на рускай». Беларусы дзеляцца, чаму вяртаюцца з Польшчы

Беларуска заплаціла 1000 еўра за пошук польскіх каранёў, а атрымала фота падробленага ўкраінскага дакумента

У Польшчы прадставілі яшчэ адзін законапраект аб грамадзянстве: 15 гадоў жыцця ў краіне, польская на ўзроўні С1 і даведка аб несудзімасці на радзіме

Канец «мутнай схемы». Што зараз будзе з польскімі працоўнымі візамі для беларусаў

Каментары да артыкула