БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз не патрабуе ад Украіны хутка рамантаваць нафтаправод «Дружба»

19.02.2026 / 22:13

Nashaniva.com

Еўрапейскі саюз не патрабуе ад Украіны аднаўлення транзіту расійскай нафты па пашкоджаным нафтаправодзе «Дружба» і не ставіць ніякіх дэдлайнаў для яго рамонту. Пра гэта заявіла ў Бруселі прэс-сакратарка Еўракамісіі Анна-Кайса Ітканен, піша «Еўрапейская праўда».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Janos Kummer / Getty Images

Паводле слоў прэс-сакратаркі, ЕС падтрымлівае кантакт з украінскімі ўладамі, каб атрымаць інфармацыю пра магчымыя тэрміны аднаўлення, аднак не цісне на Кіеў і не выстаўляе ніякіх ультыматумаў.

Яна падкрэсліла, што ўлічваецца кантэкст вайны: на працягу чатырох гадоў Расія выкарыстоўвала ўкраінскую энергетычную інфраструктуру і адначасова сістэмна яе знішчала.

Ітканен адзначыла, што Украіна прыкладае значныя намаганні для аднаўлення энергасістэмы, у тым ліку пры падтрымцы дзяржаў — членаў ЕС і Еўракамісіі, каб гарантаваць цеплазабеспячэнне бальніц, жылых дамоў і працу прамысловасці.

Таксама яна заявіла, што ЕС працягвае камунікацыю з украінскім бокам і ў гэтай сітуацыі не выстаўляе ніякіх «дэдлайнаў».

Раней Венгрыя заявіла пра магчымасць спынення паставак электраэнергіі і газу ва Украіну, калі Кіеў не адновіць працу «Дружбы». Акрамя таго, Венгрыя і Славакія абвінавацілі Украіну ў тым, што яна не рамонтуе пашкоджаныя ўчасткі трубаправода. Транзіт расійскай нафты ў Славакію і Венгрыю праз тэрыторыю Украіны быў спынены з канца мінулага месяца з-за маштабных расійскіх удараў па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры.

Чытайце таксама:

Венгрыя і Славакія перасталі пастаўляць Украіне дызельнае паліва за адмову ў транзіце расійскай нафты

«Пара спыніць гэта ваеннае спекулянцтва». Харватыя адмовілася транспартаваць ў Венгрыю і Славакію расійскую нафту, але гатовая памагчы з іншай

Спыніліся апошнія пастаўкі расійскай нафты ў Еўрасаюз. Расія сама разбамбіла нафтаправод

Каментары да артыкула