БЕЛ Ł РУС

«Здзек з твора Уладзіміра Сямёнавіча». Гледачы ў шоку ад прэм’ер па Караткевічу ў РТБД і Гомельскім моладзевым тэатры, не ўсе даседжваюць

20.02.2026 / 18:00

Мара Бадзяк

Мінулы год Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі завяршыў прэм’ерай па гістарычнай аповесці Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы». Квіткі на спектакль разабралі на некалькі месяцаў наперад — паўплывала і імя зоркі беларускай літаратуры, і ранейшы выбудаваны імідж РТБД з яго якаснымі і захапляльнымі пастаноўкамі.

Але ўжо цяпер бачна, што чаканні гледачоў не апраўдаліся: у сацыяльных сетках з'яўляюцца водгукі, поўныя расчаравання. Падобная сітуацыя і з прэм’ерай па Караткевічу ў Гомелі.

Сцэна са спектакля «Ладдзя роспачы». Фота: rtbd.by

Рэжысура пастаноўкі «Ладдзя роспачы» належыць дырэктарцы тэатра Святлане Навуменка, якая прыйшла на змену Святлане Карукінай летам 2024-га. Любоў рэжысёркі да беларускага класіка і выбар яго твору для працы можна было б толькі ўхваліць, калі не ведаць, што пры яе кіраванні тэатр «ачысціўся» ад ранейшых папулярных спектакляў і вядучых акцёраў выключна па прычыне палітычнай «нядобранадзейнасці».

Навуменка называла гэта «склад якасна змяніўся», па факце на замену дасведчаным акцёрам прыйшоў маладняк. Тых жа, хто застаўся, можа сапсаваць рука пастаноўшчыка: не адзін літаратурны крытык адзначае, што ў рэжысуры Навуменка, у адрозненні ад ідэалогіі, слабаватая.

У выніку гледачы, якія чакалі ад прэм’еры звыклага ваў-эфекту, адзначаюць, што «гэта самая сырая, непрадуманая, нібыта хутка злепленая, слабая і невыразная пастаноўка» за апошнія гады.

Сцэна са спектакля «Ладдзя роспачы». Фота: rtbd.by

«Залішні пафас на патрыятычнай ноце і агульная нясыгранасць, змазаная канцоўка без прыгожай кропкі. Траціна тэкстаў адгадваліся па сэнсе, таму што для такой вялікай сцэны бракавала сілы голасу акцёраў. Былі дзіўныя касякі па святле. 

Павінны былі быць прыгожыя алегорыі і адсылкі да мінулага, да нацыянальных асаблівасцяў, але ў выніку атрымаліся рваныя сэнсы. І спяваць тут дакладна нікому не трэба было. Зусім недарэчна і бессэнсоўна. Не дало ніякай вытанчанасці складанай гісторыі пра смерць і выкуп жыцця ў смерці», — падзялілася адна з глядачак, якая не прапусціла ніводнай пастаноўкі РТБД з 2015 года.

«Пасля «Сірожы», «Шлюбу з ветрам» і іншых цудоўных пастановак РТБД гэта выглядае нейкімі дурыкамі, калі не казаць больш жорстка», — каментуе яшчэ адна са сталых наведніц.

«Эмацыйна зусім не кранула. Выйшлі і забыліся»;

«Я гвалтоўна сябе прымушала палюбіць тое, што бачу. Думаю «не, не можа РТБД так мяне расчараваць, напэўна не той настрой у мяне». Але гэта рэальна абы што. Перабрала ўчора ў памяці ўсе спектаклі гэтага тэатра… Правал, адназначны правал», — згаджаюцца іншыя карыстальнікі.

Фанаты Караткевіча чапляюцца найперш да таго, што пастаноўка ні разу не дацягвае да кнігі. А вось якраз тыя, хто не чытаў арыгінал, у цэлым вынікам задаволеныя.

З таго, што спадабалася ўсім бакам без выключэння — гэта касцюмы, якія стварыла Таццяна Лісавенка.

Сцэны са спектакля «Ладдзя роспачы». Фота: rtbd.by

На думку ж самога Караткевіча, «Ладдзя роспачы» — найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларусу, якому і чорт не брат, і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх».

Што цікава, з падобным прыёмам сутыкнулася яшчэ адна прэм’ера па аповесці Караткевіча — у маі 2025‑га Гомельскі моладзевы тэатр прэзентаваў на сваёй сцэне «Дикую охоту короля Стаха» (менавіта на рускай мове). Запланаваны рэжысёрам Дэвідам Разумавым неануар таксама атрымаў порцыю крытыкі (хоць ёсць і водгукі захаплення). Па-першае, за рускую мову. А па-другое — за празмерна надрыўную гульню акцёраў і слабую сцэнаграфію.

Сцэны са спектакля «Дикая охота короля Стаха». Фота: moltheatre.by

«Дикая охота» ад Гомельскага тэатра — гэта, канечне, вельмі аматарская пастаноўка. І руская мова яшчэ не самае дрэннае, што з ёй зрабілі (хаця ўспрымаць цяжка — часам улазіць трасянка, і гэта ўжо нейкі здзек з твора Уладзіміра Сямёнавіча). Акцёры крычалі палову спектакля, бо ім відавочна не хапала іншых сродкаў акцёрскага майстэрства.

Выніковая думка — што ў Беларусі з годных людзей толькі халопы. Вельмі, вельмі крыўдна за арыгінальную нацыянальную ідэю беларускай годнасці. Спектакль не раю, палова людзей з нашай кампаніі нават сышлі пасля першага дзеяння», — падзяліўся адзін з гледачоў у сацсетках.

«Мы з мужам не знайшлі ніводнай прычыны не сысці ў антракце», — салідарная з ім іншая карыстальніца.

З таго, што ў Беларусі цяпер ідзе па Караткевічу, тэатральныя аматары раяць адведаць пастаноўкі па яго творах у Тэатры юнага гледача і ў Оперным. Там, на іх погляд, сапраўды атрымаўся годны вынік.

Чытайце таксама:

Актрыса Купалаўскага прызналася, што тэатр так і не змог адысці пасля 2020 года

Найбольш папулярны тэатр у Мінску пакінуў ягоны дырэктар

«Начное жыццё Мінска перажывае свае найгоршыя часы». Крык душы сталічнага дыджэя пра крызіс у тусовачнай сферы

Каментары да артыкула