У Польшчы скарацілася колькасць кампаній з беларускімі каранямі
У Польшчы дзейнічаюць 7093 кампаніі, у якіх адным з акцыянераў (або канчатковых бенефіцыяраў) з'яўляецца беларуская фірма ці грамадзянін Беларусі. Такія даныя па стане на 9 студзеня 2026 года прыводзіць Цэнтр эканамічнай інфармацыі, піша Most.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Google Maps
У параўнанні са студзенем мінулага года колькасць дзейных фірмаў з беларускімі каранямі знізілася амаль на 6%. Кампаніі працягваюць рэгістраваць: з дзейных арганізацый 873 з'явіліся ў 2025 годзе. Зніжэнне ж колькасці кампаній можа тлумачыцца прыпыненнем дзейнасці раней зарэгістраваных фірмаў або выхадам са складу заснавальнікаў беларускіх удзельнікаў.
Больш за ўсё фірмаў з беларускімі каранямі працуе ў Мазавецкім ваяводстве (3860), у тым ліку 3361 — у Варшаве. Далей традыцыйна ідуць прымежныя рэгіёны: Падляшскае ваяводства (805 кампаній, з якіх 723 зарэгістраваныя ў Беластоку) і Люблінскае ваяводства (465 фірмаў, з якіх толькі 89 дзейнічае ў Любліне, а 300 — у Бяла-Падлясцы, прымежным горадзе, дзе рэгіструецца шмат кампаній-перавозчыкаў). Таксама беларускі бізнэс актыўны ў Ніжняй Сілезіі (461 кампанія, у тым ліку 401 — ва Уроцлаве) і на Памор'і (426 кампаній, з якіх 325 — у Гданьску).
Большасць кампаній працуе ў сферы грузаперавозак — 960, але гэта на 13% менш, чым у студзені мінулага года. Буйнымі галінамі таксама з'яўляюцца праграмнае забеспячэнне (399, але звяртае на сябе ўвагу 9%-нае зніжэнне ў параўнанні з пачаткам 2025 года), будаўніцтва жылых і нежылых будынкаў (342, або на 22% менш, чым годам раней).
Сярод беларускіх арганізацый лідарам па аб'ёме выручкі стала транспартна-лагістычная кампанія TELS Global Polska. Далей ідуць кампаніі з той жа сферы TI Group і Rezon Trans.
У Топ-20 увайшлі таксама некалькі кампаній з IT-галіны: Innowise, Vention Development, 314Devs, Kaseya Poland, IBA Poland, PandaDoc Poland.
Замыкае Топ-20 кампанія Sahaty, якая займаецца будаўніцтвам і дэвелапментам. Яе саўладальнік — былы прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па пытаннях нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык.
У параўнанні з 2025 годам спіс лідараў пакінуў нафтатрэйдар Beloil Polska, які трапіў пад санкцыі. Кампанія Polcarbotrans, якая займаецца імпартам і рэалізацыяй вугалю, засталася ў спісе лідараў, але знізіла пазіцыі.
Чытайце таксама:
Топ-100 кампаній Польшчы з беларускімі каранямі ўзначаліў EPAM, у спіс увайшла і кампанія Сахашчыка
Чатыры кампаніі з беларускімі каранямі здолелі прабіцца ў топ-2000 найбуйнейшых бізнэсаў Польшчы
Сахашчык пачаў продажы кватэр у сваім новым праекце пад Варшавай